У Латвіі рыхтуюць поўную забарону аўтобусных рэйсаў у Беларусь
У Латвіі разглядаюць магчымасць поўнага спынення рэгулярных аўтобусных рэйсаў у Беларусь і Расію. Такая рэкамендацыя паступіла ад Аўтатранспартнай дырэкцыі (ATD), якая выдае ліцэнзіі на міжнародныя перавозкі.
Фота ілюстрацыйнае
Яшчэ ў верасні Міністэрства камунікацый Латвіі даручыла падрыхтаваць прававое абгрунтаванне для таго, каб не працягваць дзеянне ліцэнзій на маршруты ў Беларусь і Расію. Цяпер існуюць тры рэгулярныя рэйсы ў Беларусь — у Віцебск, Мінск і Гомель. Іх ліцэнзіі дзейнічаюць у каго да пачатку, а ў каго да сярэдзіны 2026 года.
Паводле ацэнкі ATD, спыненне перавозак мэтазгоднае з улікам цяперашняй геапалітычнай сітуацыі і пагроз нацыянальнай бяспецы. Дырэкцыя прапануе падрыхтаваць праект рашэння ўрада пра афіцыйнае спыненне руху, які затым разгледзяць у Кабінеце міністраў.
Раней, з 1 лістапада, Латвія ўжо забараніла нерэгулярныя міжнародныя перавозкі ў Беларусь і Расію — гэта значыць, чартарныя і заказныя рэйсы. Але рэгулярныя аўтобусныя маршруты пакуль працягваюць працаваць.
Пры гэтым ATD ужо не выдае новых і не працягвае старых дазволаў на міжнародныя аўтобусныя маршруты, у тым ліку транзітныя праз тэрыторыю Беларусі і Расіі.
Чытайце таксама:
«Першыя 5‑6 аўтобусаў занятыя». Як цяпер дабіраюцца з Беларусі ў Польшчу і не толькі
«Мінус 650 еўра». Як беларусы рэзка змяняюць маршруты пасля закрыцця мяжы з Літвой