БЕЛ Ł РУС

Пра беларускі гурт Soyuz больш ведаюць замежнікі, чым суайчыннікі

9.11.2025 / 18:29

Nashaniva.com

Мы вырашылі выправіць гэтую несправядлівасць. Тым больш што ў іх 170 тысяч слухачоў на Spotify штомесяц і нядаўна выйшаў першы беларускамоўны альбом «Крок».

Лёс «Кроку» можна параўнаць з лёсам шматлікіх беларусаў, якія, як тыя бедуіны, шмат вандруюць па чужых месцах, губляюць старых сяброў і знаходзяць новых.

Праца над альбомам доўжылася тры гады. Пачыналася яна ў Мінску, а працягвалася ўжо ў Сан-Паўлу, Варшаве ды Стакгольме. За гэты час змяніўся і склад гурта Soyuz — з былога складу засталіся Аляксей Чумак і Мікіта Арлоў. У Польшчы, куды хлопцы выехалі ў 2022 годзе, да іх далучыліся два польскія музыкі.

Таксама ў трэку «Крок» можна пачуць бразільца Ціма Бернандэса і японку Манамі Какуда. Выпусціў альбом брытанскі лэйбл Mr Bongo.

Яшчэ ў 2020 годзе «Анлайнер» залучаў Soyuz у спіс таленавітых беларускіх музыкаў, на якіх варта звярнуць увагу. Адзначалася: «праз два альбомы калектыў, які мае і выдатную крытыку ад вядучых сусветных выданняў, і ядро адданых фанатаў, і (у першую чаргу, вядома) вельмі пераканаўчы і самабытны матэрыял, усё роўна застаецца недалюбленым і недаласканым з боку патрабавальнага беларускага слухача».

Цяпер гурт Soyuz мае каля 170 тысяч слухачоў штомесяц на Spotify, а яго ўдзельнікі раздаюць інтэрв’ю на замежных мовах. Пры гэтым для беларусаў Soyuz усё гэтак жа застаецца terra incognita.

Імаверна, расповед трэба пачынаць з назвы, якая камусьці можа падацца правакацыйнай. Але раней хлопцы казалі, што мелі на ўвазе свой творчы саюз.

Свой стыль яны некалі жартаўліва абазначылі як фейк-джаз. Бо вытокі іх творчасці трэба сапраўды шукаць у джазе, але ж адным ім усё не абмяжоўваецца.

«Цяпер усё складаецца з перапрацоўкі мінулага. Мае сэнс асоба выканаўцы, яго ўнутраная прыдурка, дзякуючы якой музыка становіцца асаблівай. А ўсе ярлыкі — проста трэба растлумачыць слухачу, з чым прыкладна ён будзе мець справу. Таму трэба рабіць прасторныя апісанні, каб чалавек як-небудзь улавіў настрой», — казаў раней бас-гітарыст Мікіта Арлоў.

Хлопцы прызнаваліся, што ім значна больш падабаецца выступаць на закрытых клубных канцэртах, чым на вялікіх фестывалях — бо музыка гучыць больш атмасферна ў такім фармаце.

Аляксей Чумак, які піша музыку і тэкст, неяк расказваў у інтэрв’ю, што здаралася нават такое, калі ён пісаў словы для песні ўжо ў грымёрцы непасрэдна перад запісам для альбому. Бо для яго галоўнае — гэта мелодыя, а вось сачыненне тэксту ён звычайна адкладае на потым, бо доўга думае над тым, як арганічна ўкласці фанетыку тэксту ў агульны меладычны і рытмічны малюнак. Галоўнае, каб вынік чапляў слухача.

Музыка Soyuz спадабалася і Івану Дорну — хлопцы гралі ў яго на разагрэве, а ў 2018 годзе альбом «Гэта зусім не тое» выйшаў на лэйбле Дорна. Яго называлі «сацыяльна-бытавым маніфестам аб рамантыцы жыцця ў сучасным горадзе».

З Беларусі гурт выехаў пасля пачатку вайны ва Украіне. Але ж хлопцы і да гэтага моманту не лічылі сябе апалітычнымі. У 2020 годзе песня Soyuz выйшла ў зборніку беларускіх музыкаў «Long Play Belarus» — яго запісвалі з ліпеня па кастрычнік, каб адрэфлексаваць усе тыя пачуцці, якія адчувалі самыя розныя людзі на вуліцах сваіх гарадоў.

Чытайце таксама:

Новыя куміры мінскай моладзі — гурт «Барысаўскі тракт»

У Адэсе здарыўся скандал з-за рэпераў з Беларусі

Піт Паўлаў: «У N.R.M. былі і дзікая папулярнасць, і наватарства. Зробім апошнія канцэрты прыгожымі»

«Дядя Саша, без обид, но вам никто не рад». Пагутарылі з беларускім спеваком AP$ENT, чые песні збіраюць мільёны праслухоўванняў

Каментары да артыкула