БЕЛ Ł РУС

Міністр адукацыі: Школьнікі не хітруюць са здачай тэлефонаў

4.11.2025 / 20:8

Nashaniva.com

Міністр адукацыі Андрэй Іванец паведаміў, што школьнікі ўжо спакойна ставяцца да забароны карыстацца мабільнымі тэлефонамі ў школах. Паводле яго слоў, першае «хваляванне» пасля ўвядзення новых правілаў мінула, а цяпер вучні без праблем здаюць свае тэлефоны на захоўванне перад пачаткам урокаў.

Фота ілюстрацыйнае

Кіраўнік Мін­адукацыі адзначыў, што асцярогі наконт таго, што дзеці пачнуць прыносіць кнопачныя тэлефоны ці хаваць смартфоны ў заплечніках, не пацвердзіліся. Маніторынг паказаў, што вучні прыносяць у школу свае звычайныя тэлефоны і добрасумленна іх здаюць.

Акрамя таго, як адзначыў Іванец, пасля ўвядзення забароны школьнікі сталі больш актыўнымі на перапынках — займаюцца гульнямі, размаўляюць і ўдзельнічаюць у іншых відах дзейнасці.

З 1 верасня ў школах Беларусі ўведзена забарона на карыстанне мабільнікамі падчас вучэбнага дня. Вучні павінны здаваць свае прылады ў спецыяльнае месца захоўвання і атрымліваюць іх назад толькі пасля заканчэння заняткаў.

Пры гэтым ёсць выключэнні: тэлефоны могуць заставацца ў дзяцей, якім яны неабходныя па медыцынскіх паказаннях — напрыклад, калі смартфон выкарыстоўваецца для кантролю за сэрцавым рытмам ці ўзроўнем глюкозы ў крыві. Таксама дазволена пакідаць тэлефон вучням з парушэннямі слыху, зроку або тым, каму супрацьпаказана насіць цяжкія рэчы.

Як удакладнілі ў Міністэрстве аховы здароўя, такія дазволы павінны быць дакладна пазначаныя ў медыцынскай даведцы — агульная фраза «можна карыстацца тэлефонам па медыцынскіх прычынах» недапушчальная.

Чытайце таксама:

Кандуктарка аўтобуса расказала, як правярае, што перад ёй школьнік

Школьнікі пратэстуюць у туалетах супраць забароны тэлефонаў 

Смарт-гадзіннікі школьнікам усё ж такі дазволілі

«Гэта калонія для непаўналетніх, а не школа!» Бацькі школьнікаў абураюцца забаронай на смарт-гадзіннікі

Ці забараняюць мабільнікі ў школах у іншых краінах? І што пра гэта кажуць навукоўцы?

Настаўнікам у школах забаранілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі падчас урокаў

Каментары да артыкула