П’яны пастаялец мінскага хостэла збіў адміністратара і ўчыніў пагром
23‑гадовы жыхар Салігорска жыў у хостэле на вуліцы Акадэміка Фёдарава. Напярэдадні ад’езду ён моцна перабраў з алкаголем у начным клубе і прачнуўся ад таго, што яго будзіў адміністратар.
Пастаялец не рэагаваў, таму мужчына пагразіў выклікаць міліцыю і для большага пераканання дастаў з кішэні мабільны тэлефон, паведамляюць Мінск-навіны.
Ад гэтага госць раз'юшыўся, накінуўся на адміністратара і пачаў яго збіваць. Ад работніка хостэла маладога чалавека адцягнуў іншы пастаялец.
Адміністратар выбег на вуліцу і патэлефанаваў у міліцыю. Неўзабаве на ганку з’явіўся дэбашыр, падышоў да яго і працягнуў збіваць. Усяго ён нанёс адміністратару не менш за 52 ўдары рукамі і нагамі па галаве і целе.
Мужчыне зноў удалося ўцячы, ён закрыўся ў адным з пакояў. Злачынца пайшоў за ім і пачаў ламаць дзверы, якія ў выніку пашкодзіў. Таксама ён перакуліў стойку на рэсепшэне, разбіў ноўтбук, знішчыў камплект пасцельнай бялізны, ручнік і вешалку. Агульная сума нанесенай шкоды склала 1600 рублёў.
Нарад міліцыі, які прыбыў на месца, затрымаў п’янага хулігана, завялі крымінальную справу. Усе дзеянні мужчыны зафіксавалі камеры відэаназірання. Пацярпелага адвезла ў бальніцу брыгада хуткай медыцынскай дапамогі.
У судовым пасяджэнні віну грамадзянін прызнаў часткова, у зробленым раскаяўся, нанесеную шкоду на суму 500 рублёў кампенсаваў.
У выніку ён атрымаў чатыры гады хіміі, а таксама павінен кампенсаваць нанесеную шкоду, а таксама выплаціць на карысць пацярпелага 8 тыс. рублёў маральнай шкоды.