БЕЛ Ł РУС

У «Гомельскіх Курапатах» на Дзяды адбылося набажэнства, а ў Мінску, падобна, — зноў не

3.11.2025 / 23:54

Nashaniva.com

Ужо трэці год запар не з'яўляецца традыцыйнае паведамленне аб малітве каталіцкіх іерархаў у Курапатах, заўважыла выданне Katolik.life.

Традыцыйнае набажэнства каля памятнага крыжа на 9‑м кіламетры Чарнігаўскай шашы ў Гомелі правялі каталіцкія вернікі на чале з біскупам Казімірам Велікасельцам 2 лістапада. Штогод у дзень успаміну памерлых тут, на месцы масавых пахаванняў рэпрэсаваных, каталікі збіраюцца на малітву.

На апублікаваных гомельскай парафіяй фота бачна, што надпіс на крыжы «Адно з месцаў масавых расстрэлаў ахвяр бальшавіцкай дыктатуры ў перыяд 1919‑1940 г.» практычна не бачны. Надпіс выцвіў, як і фарба на самым крыжы, а прывесці месца памяці ў парадак у цяперашніх умовах ніхто не наважваецца.

Падобна, што Гомель стаў адзіным месцам у Беларусі, дзе адбылося набажэнства ў памяць пра савецкіх рэпрэсаваных. Ужо трэці год запар не з'явілася традыцыйнага паведамлення пра малітву каталіцкіх іерархаў у Курапатах у Мінску 1‑2 лістапада — на месцы самых масавых у Беларусі расстрэлаў і пахаванняў рэпрэсаваных.

Апошні раз пра гэту раней штогадовую малітву паведамлялася ў 2022 годзе, калі ў Курапатах пабывалі апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч і мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пасля гэтага дзяржаўная газета абрынулася на каталіцкіх іерархаў з абвінавачваннямі ў тым, што яны «ладзяць цырк на касцях», і ў цэлым у «дэструктыўнай дзейнасці» Каталіцкай царквы.

З таго часу паведамленняў пра малітву ў Курапатах не з'яўлялася, і невядома, ці праводзіцца яна наогул. Сёлета ўрочышча наведвалі еўрапейскія дыпламаты, але сярод іх не быў заўважаны цяперашні дыпламатычны прадстаўнік Ватыкана.

Раней арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч называў Курапаты «Галгофай беларускага народа» і адзначаў, што гэтае месца — неад'емная частка гісторыі народа, без пазнання і ацэнкі якой ён не мае будучыні.

Чытайце таксама:

Азаронак назваў кіраўніцу амбасады Нямеччыны шлюхай

Дыпламаты ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Курапатах

Лукашэнка сустрэўся ў Мінску з кардыналам Гуджэроці, абмяркоўваць маглі ізаляцыю Беларусі і палітвязняў

Спецпасланнік Папы: Беларусь не павінна адчуваць сябе ізаляванай, адкінутай

Польскія байкеры, якім пасля акцыі памяці забаранілі ўезд у Расію, наведалі Курапаты

Каментары да артыкула