У Славакіі зноў адкрываюць беларускае пасольства
Пасольства Рэспублікі Беларусь у Славацкай Рэспубліцы плануецца адкрыць да 1 верасня 2026 года. Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын.
Фота: Artur Widak / NurPhoto via Getty Images
«Аднаўленне пастаяннай дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў Славакіі дасць магчымасць значна павысіць эфектыўнасць працы па развіцці палітычных, гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных сувязяў, практычным вывучэнні магчымасцяў прамысловай кааперацыі і сумесным асваенні новых рынкаў», — спадзяюцца ва ўрадзе.
Дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Славакіі было закрыта ў верасні 2023 года, калі ў гэтай краіне была ўлада, крытычна настроеная да рэжыму Лукашэнкі. Але 1 кастрычніка 2023 года на парламенцкіх выбарах у Славакіі перамагла папулісцкая партыя пад кіраўніцтвам Роберта Фіца, які сімпатызуе як Крамлю, так і Лукашэнку.
Раней у Беларусь пасля амаль пяцігадовага перапынку вярнуўся пасол Славакіі, якім стаў Ёзэф Мігаш — ён раней ужо займаў гэтую пасаду, але быў з яе зняты за адкрытыя праявы асабістых сімпатый да беларускіх уладаў, што ішло ўразрэз з тагачаснай дзяржаўнай палітыкай.
Чытайце таксама:
У афіцыйнага Мінска засталіся ўсяго тры паслы ў краінах Еўрасаюза з ранейшых 15
Славакія вяртае ў Беларусь пасла
Прэм'ер Фіца: Мэта ўрада Славакіі не паражэнне Расіі, а хутчэйшы канец вайны ва Украіне
Роберт Фіца на мяжы з Украінай сустрэўся з прэзідэнтам Еўрарады Антоніу Коштай