БЕЛ Ł РУС

На Усходніх могілках адкрылі надмагільны помнік Змітраку Бядулю

3.11.2025 / 16:29

Nashaniva.com

3 лістапада на Усходніх могілках, як і было запланавана, адкрылі помнік вядомаму беларускаму пісьменніку Змітраку Бядулю, паведаміла БелТА.

Змітрок Бядуля (сапраўднае імя і прозвішча Самуіл Плаўнік) памёр у 1941 годзе падчас ваеннай эвакуацыі каля горада Уральск у Казахстане, дзе яго і пахавалі. У 2020 годзе прах пісьменніка вярнулі на радзіму і перапахавалі ў Мінску.

Тады ж Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры абвясціў збор сродкаў і конкурс сярод беларускіх скульптараў на стварэнне помніка. Перамогу атрымаў праект Сяргея Гумілеўскага.

Паводле слоў аўтара, у аснову кампазіцыі пакладзены вобраз каласоў, што хістаюцца на ветры. Форма помніка няроўная, зламана-пластычная — яна сімвалізуе няпросты лёс беларускіх літаратараў таго часу і шлях самога Бядулі.

На адкрыцці прысутнічаў і сын пісьменніка Яфім Плаўнік. Ён адзначыў, што помнік зроблены з густам і адпавядае месцу: 

«Ён такі, які павінен стаяць на могілках. Без усялякіх празмернасцяў. Ён сціплы і адначасова велічны».

Як паведаміла намесніца дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова, падчас конкурсу камісіі доўга давялося вызначаць, якім павінен быць помнік. Скульптарам паказвалі матэрыялы і фотаздымкі з музейных архіваў.

Кузняцова падкрэсліла, што Змітрок Бядуля — адзін з найважнейшых беларускіх творцаў ХХ стагоддзя, удзельнік станаўлення нацыянальнай літаратуры і друку. Яна спадзяецца, што адкрыццё помніка зацікавіць людзей і натхніць іх зноў звярнуцца да яго твораў.

Чытайце таксама:

На Усходніх могілках адкрыюць надмагільны манумент Змітраку Бядулю

ТЭСТ: Ці добра вы ведаеце гісторыю беларускіх габрэяў?

Стала вядома, як будзе выглядаць надмагілле Змітрака Бядулі

«Жонка была вышэйшая на дзве галавы. На вуліцу стараліся ісці паасобку». Невядомыя факты пра Змітрака Бядулю

Каментары да артыкула