Дзевяці жыхарам Ваўкавыска прызначылі калонію і буйныя штрафы паводле справы дваровых чатаў
Шэсць жанчын і трох мужчын абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні».
У Гродзенскім абласным судзе асудзілі дзевяць жыхароў Ваўкавыску паводле так званай справы дваровых чатаў, піша «Вясна».
Шэсць жанчын і трох мужчын абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361‑1 КК) і прызначылі калонію і штрафы па 800 базавых велічыняў (33 600 рублёў) кожнаму.
Такі жорсткі прысуд Зінаіда Барцэвіч вынесла за ўдзел жыхароў Ваўкавыску ў дваровым тэлеграм-чаце «Вольныя ваўкі». Фігуранты справы ўтрымліваюцца пад вартай з канца кастрычніка 2024 года.
Агулам Ліліі Юруць, Людміле Шрубок, Вользе Пракопчык, Алене Жукавай, Ірыне Дабрыновіч, Віктару Турчэніку, Наталлі Краўчук, Іллю Ходасу і Віталю Цынкелю прызначылі 23 гады і тры месяцы зняволення, а таксама штраф у памеры 302 400 рублёў (прыкладна 77 200 еўра).