«А ты хіба не злавіў?» У Мінску дзяўчына наклюкалася ў зюзю і скінула з дзявятага паверха чыхуахуа свайго хлопца
Здарэнне адбылося 12 кастрычніка.
Ілюстрацыйнае фота terra.vet
Малады чалавек вяртаўся з працы ў інтэрнат, дзе пражывае з маці, якая на той момант з’ехала ў вёску. Дома яго чакала дзяўчына — яны сустракаліся каля года, расказваюць гісторыю Мінск-навіны.
У гэты дзень яна пастаянна тэлефанавала яму на мабільны і правакавала канфлікт. Хлопец спрабаваў яе супакоіць, але каханая прыдумвала новыя прычыны для сваркі. Яна нават паабяцала расправіцца з яго любімым сабакам пароды чыхуахуа, пагражаючы скінуць яго з балкона 9‑га паверха.
Малады чалавек не ўспрыняў гэтыя словы сур’ёзна, бо дзяўчына была п’яная і несла, на яго думку, лухту. Але ўвайшоўшы ў пакой, ён адразу звярнуў увагу, што гадаванец яго не сустракае. Пачаў клікаць жывёлу, але чыхуахуа нідзе не было. «А ты што, яе не злавіў?» — з насмешкай спытала сяброўка.
Дзяўчына пачала выкідваць з акна рэчы, што знаходзіліся ў пакоі. Ашаломлены такім неадэкватным паводзінамі хлопец патэлефанаваў маці і папрасіў выклікаць міліцыю. Пасля вахцёр інтэрната пацвердзіла: сабака мёртвы.
У адносінах да дзяўчыны завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 339‑1 КК («Жорсткае абыходжанне з жывёлай»). Віну яна цалкам прызнала, у зробленым раскаялася. Пры гэтым фігурантка так і не змагла растлумачыць прычыну жорсткага ўчынку.