БЕЛ Ł РУС

Медыцынская загадка: у жанчыны нечакана пачаў дрыжаць правы бок твару. Прычыну выявіў толькі восьмы доктар

3.11.2025 / 16:26

Nashaniva.com

63‑гадовая жанчына два гады пакутавала ад некантралюемых спазмаў твару. Яна наведала восем розных спецыялістаў, атрымала дзясяткі ін’екцый ботаксу і нават звярнулася да акупунктуры. І толькі ў адной клініцы знайшоўся доктар, які не толькі паставіў дыягназ, але і правёў паспяховае лячэнне.

Ілюстрацыйнае фота: Rafa Fernandez Torres / Getty Images

Дзіўная гісторыя, аб якой расказвае The Washington Post, пачалася ў студзені 2022 года. Калі пасля чарговага візіту да стаматолага Тыпі Макінэрні з Мінесоты адчула здранцвенне правай шчакі, яна не надала гэтаму вялікага значэння.

Яна меркавала, што яно пройдзе праз дзень-другі. Але праз некалькі тыдняў з’явілася дзіўнае адчуванне. Як яна расказвае, «быццам нехта надзеў на вока маленькі світар». Занепакоеная сваім зрокам, яна звярнулася да акуліста, які сказаў, што ўсё выглядае добра.

У сакавіку яе стан пагоршыўся — правае вока раптам пачало бесперапынна міргаць, а правы куток рота пачаў міжвольна цягнуцца да шчакі. Баючыся інсульту, жанчына звярнулася ў прыёмнае аддзяленне бальніцы. Але тэсты нічога не паказалі.

Сама Макінэрні лічыла, што справа ў стаматалагічнай анестэзіі: магчыма, гэта праява алергіі на прэпарат ці доктар зачапіў нерв падчас уколу. Яна пайшла да свайго тэрапеўта, які адхіліў любую сувязь з працай стаматолага і прызначыў МРТ галавы.

Затым Макінэрні наведала неўролага, які паставіў дыягназ геміфацыяльны спазм — рэдкае парушэнне, калі мышцы аднаго боку твару мімаволі скарачаюцца пад уздзеяннем крывяноснага сасуду, які цісне на нерв твару. Гэты стан таксама можа быць выкліканы пухлінай, пашкоджаннем нерва або іншымі анамаліямі.

Неўролаг прызначыў МРТ крывяносных сасудаў, якое, па словах спецыялістаў, ніякіх анамалій не выявіла. Ён прапанаваў два віды лячэння: ін'екцыі ботакса, якія могуць часова замарозіць мышцы; або супрацьсутаргавыя прэпараты, ці міярэлаксанты — лекі, якія могуць паменшыць спазмы.

Макінэрні звярнулася да другога неўролага ў той жа клініцы, які таксама прапанаваў ботакс і міярэлаксанты.

Пакуль дакладнага тлумачэння не знаходзілася, жанчына пачала шукаць дапамогу сама. Замест таблетак і ботаксу звярнулася да акупунктуры, змяніла харчаванне, выключыла каву і малако. Спачатку здавалася, што дапамагае: спазмы сцішыліся.

Жанчына змяніла стаматолага, каб працягнуць лячэнне зубоў. Новы спецыяліст адхіліў любую сувязь паміж яе спазмамі і стаматалагічнымі маніпуляцыямі і параіў звярнуцца да оталарынголага. Аднак і гэты спецыяліст не знайшоў нічога дрэннага і таксама выключыў сувязь са стаматалагічным лячэннем.

Новае абвастрэнне

У жніўні 2023 года, пасля больш чым года рэгулярных сеансаў акупунктуры, спазмы вярнуліся з новай сілай. Паторгванні былі настолькі моцныя, што іголкі падчас працэдуры выскоквалі з твару.

Да канца 2023 года дрыжанне стала відавочным для ўсіх. Макінэрні пачала пазбягаць сяброў і прыкрываць твар рукамі на людзях. «Я заўсёды была экстравертам, але цяпер замкнулася», — казала яна.

У роспачы яна запісалася ў клініку Маё ў Рочэстэры, штат Мінесота, але чакаць давялося пяць месяцаў. Там неўролагі пацвердзілі дыягназ гемафацыяльнага спазму без відавочнай прычыны і прапанавалі ботакс. Яна пагадзілася. Прэпараты часова «замарозілі» рухі, але пад скурай яна ўсё роўна адчувала дрыжанне. Праз некалькі тыдняў эфект ад уколаў прайшоў.

Выратаванне

Пераломны момант настаў, калі ў ліпені 2024 года жанчыну агледзеў іншы спецыяліст клінікі Маё — нейрахірург Фрэдрык Мэер. Гэта ўжо быў восьмы па ліку спецыяліст за два гады. Ён уважліва паглядзеў свежы здымак МРТ і адразу заўважыў тое, што прапусцілі іншыя: артэрыя прыціскала нерв твару. Гэта і выклікала пастаянныя дрыжанні. Спецыяліст таксама адхіліў сувязь з стаматалагічнымі маніпуляцыямі, заўважыўшы, што гэта проста супадзенне.

«Я проста ведаю, куды глядзець», — патлумачыў Мэер. «Паколькі гэта мая вузкая спецыялізацыя, я больш сканцэнтраваны на пэўных месцах і больш дасведчаны ў тым, што шукаю».

Мэер прапанаваў аперацыю — мікраскапічную дэкампрэсію сасудаў. Падчас чатырохгадзіннага ўмяшання хірургі аддзялілі артэрыю ад нерва і ўставілі паміж імі ахоўную пракладку. Калі жанчына прачнулася, спазмы зніклі.

Праз год яны так і не вярнуліся. Макінэрні зноў можа ўсміхацца і спакойна кантактаваць з людзьмі. Праўда, жанчына страціла слых на правае вуха — рызыка, пра якую яе папярэджвалі. Верагоднасць такога сцэнарыя — 8%. Але, паводле яе слоў, гэта дробязь у параўнанні з тым, як раней твар жыў асобна ад яе волі.

Чытайце таксама:

Сутаргі, кома і смерць — калі звычайная вада можа стаць смяротна небяспечнай

Дыягнастычная загадка: пасля аперацыі 17‑гадовы падлетак мог гаварыць толькі на замежнай мове

Перастараўся: 60‑гадовы мужчына пасадзіў сабе ныркі вітамінам D

Каментары да артыкула