БЕЛ Ł РУС

«Усе прымежныя паркоўкі забітыя фурамі з літоўскімі нумарамі». Лукашэнка ўвёў дадатковыя абмежаванні для літоўскіх перавозчыкаў

3.11.2025 / 16:47

Nashaniva.com

У адказ на закрыццё Літвой мяжы з Беларуссю ўведзеныя дадатковыя абмежаванні для еўрапейскіх перавозчыкаў. У прыватнасці, для польскіх і літоўскіх. Новыя абмежаванні будуць дзейнічаць з 4 лістапада 2025 па 31 снежня 2027 года, вынікае з пастановы ўрада нумар 599.

Памежны пункт пропуску Каменны Лог. Фота: Ашмянскі веснік

Галоўныя змены датычаць літоўскіх грузавікоў, прычэпаў і паўпрычэпаў.

Цяпер грузавікі, прычэпы і паўпрычэпы на літоўскай рэгістрацыі, за некаторымі выключэннямі, могуць уязджаць і выязджаць з Беларусі толькі праз беларуска-літоўскую мяжу, якая цяпер амаль поўнасцю закрытая.

Для польскіх перавозчыкаў такія абмежаванні існуюць яшчэ з 18 лютага 2023 года. За некаторымі выключэннямі, у якія ў тым ліку трапілі аўтавозы і негабарытныя грузы, астатнія даўно маюць права заязджаць на тэрыторыю Беларусі і пакідаць яе толькі праз беларуска-польскі ўчастак мяжы.

Праз гэта на час закрыцця мяжы Польшчай сёлета ў верасні амаль паўтары тысячы польскіх грузавікоў не маглі пакінуць Беларусь.

Літоўцы страцілі перавагі

У адрозненне ад польскіх перавозчыкаў, якія з 2023 года могуць перасякаць мяжу з Беларуссю выключна праз беларуска-польскую мяжу, літоўскія дагэтуль маглі заязджаць і выязджаць у нашу краіну праз Літву, Латвію і Польшчу. А літоўскія прычэпы і паўпрычэпы можна было выкарыстоўваць для перачэпкі, таму імі карысталіся не толькі літоўскія, але і польскія перавозчыкі.

Цяпер жа ў выкарыстанні літоўскіх прычэпаў і паўпрычэпаў у звязцы з польскімі цягачамі сэнсу не засталося, бо заехаць у Беларусь і выехаць з яе яны могуць толькі праз беларуска-літоўскую мяжу.

Па словах дальнабойшчыка, які сёння выехаў з Беларусі ў Польшчу, усе прыгранічныя паркоўкі з польскага боку застаўленыя літоўскімі фурамі і паўпрычэпамі.

З яго слоў, польскія транспартныя кампаніі праз абмежаванні рынуліся змяняць літоўскую прапіску прычэпаў на польскую або нейкую іншую еўрапейскую. Бо цяпер як літоўскія, так і польскія прычэпы нельга выкарыстоўваць для перачэпкі, а літоўскія прычэпы можна ўвозіць і вывозіць толькі праз мяжу з Літвой.

Пры гэтым фуры з еўрапейскай рэгістрацыяй могуць ездзіць ад памежных пунктаў пропуску ў ТЛЦ і назад для перачэпаў і перагрузаў, але толькі не з прычэпамі з польскай або літоўскай рэгістрацыяй.

Чаргі няма

Праз гэтыя акалічнасці нават атрымалася, што цяпер няма грузавой чаргі на выезд з Польшчы ў Беларусь, бо праз Казловічы не могуць заехаць ні літоўскія фуры з якімі-небудзь прычэпамі, ні польскія ці яшчэ якія — з літоўскімі прычэпамі.

Фурам, якія да ўвядзення абмежаванняў загрузіліся таварамі ў Беларусі, далі магчымасць выехаць праз Польшчу або Латвію.

Парожныя грузавікі адпраўляюць у Каменны Лог. А калі, напрыклад, цягач мае польскую рэгістрацыю, а прычэп або паўпрычэп — літоўскую, то іх адпраўляюць з Брэста ў Бераставіцу, каб яны маглі там пакінуць паўпрычэп. Вывезці літоўскія прычэпы з Беларусі можна толькі праз мяжу з Літвой.

Пры гэтым некаторыя СМІ падаюць навіну так, нібыта Лукашэнка ўвёў поўную забарону на заезд на тэрыторыю Беларусі грузавікоў, зарэгістраваных у Літве і Польшчы, але гэта не так.

Што на латвійскім кірунку?

Латвійскія перавозчыкі з усіх трох суседніх краін ЕС цяпер знаходзяцца ў найбольш выгадным становішчы, бо перавозчыкі з Латвіі, як і з іншых краін ЕС (апроч Літвы і Польшчы), маюць права заязджаць і дастаўляць грузы для наступнай перагрузкі або перачэпкі без прывязкі да латвійска-беларускай мяжы.

Што да самой чаргі на латвійскім кірунку, то яна там электронная, і пасля закрыцця мяжы Літвой яна вырасла з 1‑2 дзён да 11. Па стане на 3 лістапада бліжэйшыя вольныя слоты на выезд з Латвіі для грузавікоў з таварам — 14 лістапада. Для гружаных фур, якія маюць права на прыярытэтны праезд, — на 10 лістапада. Больш за ўсё давядзецца чакаць парожнім грузавікам: для іх самы блізкі слот ёсць толькі на 18 лістапада. Увогуле адзіны дзейны пункт пропуску на мяжы з Латвіяй за суткі гатовы прапускаць у Беларусь 120 грузавікоў.

Што з цэнамі на дастаўку і чаго чакаць далей?

Чалавек, які займаецца аптовымі пастаўкамі тавараў з Польшчы ў Беларусь, кажа, што калі раней за фуру з Варшавы да Мінска плацілі ад 1800 да 2200, максімум 2500 еўра, то цяпер яму называюць лічбу 3500 еўра.

«Калі Польшча закрыла мяжу, то за фуру з Варшавы да Мінска на піку бралі па 4‑5 тысяч. З аднаўленнем працы цэны пайшлі ўніз, але цяпер зноў выраслі, хоць і не да пікавых паказчыкаў», — кажа бізнэсовец.

Лагіст лічыць, што цяперашняя сітуацыя хоць і падобная да той, якая склалася, калі мяжу закрыла Польшча, але называе яе не такой складанай.

«Праз два пункты пропуску на мяжы з Літвой за суткі праязджала грузавікоў у 2‑4 разы менш, чым праз адзін польскі. Таму агулам закрыццё мяжы Літвой выглядае не так страшна. Адзінае, што нейкі час у перавозчыкаў будзе недахоп прычэпаў, але гэта, я думаю, яны вырашаць даволі хутка», — лічыць спецыяліст.

На думку лагіста, цяперашнія абмежаванні ў першую чаргу накіраваныя на Літву.

«Пакуль мяжа з Літвой застанецца закрытай, літоўскія перавозчыкі, у адрозненне ад іх польскіх і латвійскіх калег, не змогуць працаваць на беларускім кірунку».

Сярод фармальна літоўскіх перавозчыкаў нейкая частка дэ-факта будзе беларускімі, але іх доля будзе невялікая. Рэч у тым, што пасля ўвядзення забароны на працу беларускіх перавозчыкаў у Еўрасаюзе многія беларусы адкрылі транспартныя кампаніі ў ЕС. Але Літва і Латвія карысталіся меншай папулярнасцю ў якасці месца рэгістрацыі, чым Польшча.

Чытайце таксама:

Маштабы, якіх вы не маглі сабе ўявіць — беларускія цыгарэты кураць у многіх краінах Еўропы. Як працуе гэты бізнэс

Каментары да артыкула