БЕЛ Ł РУС

Уладальнік «Маёнтка Падароск» лічыць незаконным аўкцыён па продажы сядзібы. Ён накіраваў прэтэнзію ў райвыканкам

2.11.2025 / 10:34

Nashaniva.com

Прадпрыемства «Маёнтак Падароск» накіравала прэтэнзію ў аддзел культуры Ваўкавыскага раёна з патрабаваннем «спыніць незаконнае валоданне і распараджэнне чужой маёмасцю». Незаконным яго робіць наяўнасць чужой маёмасці ў аб’екце продажу, піша Hrodna.life.

Тэрыторыя Маёнтка Падароск да таго, як яго забралі ва ўласніка. Крыніца: Google maps

Аддзел культуры Ваўкавыскага райвыканкама выставіў на продаж канфіскаваную ў Паўла Падкарытава ў 2023 годзе сядзібу ў аграгарадку Падароск Гродзенскай вобласці.

Сярод маёмасці, што прадаецца, ёсць як мінімум адзін аб’ект, які не з’яўляецца ўласнасцю аддзела культуры райвыканкама, кажуць на прадпрыемстве.

Што за аб’екты Падкарытаў лічыць сваімі і чаму

Гэта размешчаны ў руінах стайні шматфункцыянальны павільён са складнікамі і прыналежнасцямі. Павільён быў зроблены кампаніяй «ЮПК-Строй» на асабістую замову Падкарытава і перададзены УП «Маёнтак Падароск» на праве гаспадарчага кіравання. Такі ж павільён размешчаны ў аб’екце «кузня».

Павільёны — часовыя збудаванні, якія планавалася размясціць на тэрыторыі сядзібы паводле праекту, зацверджанага Міністэрствам культуры. Іх мелі прыстасаваць пад аб’екты прыдарожнага сэрвісу: кафэ і краму. Яны самі не з’яўляюцца ні аб’ектамі нерухомасці, ні неаддзельнымі паляпшэннямі тых аб’ектаў, якія Падкарытаў набыў у аддзела культуры ў 2013 годзе.

Такім чынам, часовыя збудаванні застаюцца ўласнасцю Падкарытава і знаходзяцца ў гаспадарчым кіраванні УП «Маёнтак Падароск» дагэтуль.

Дэмантаж не дазволілі

Падчас выканання рашэння суда аб вяртанні сядзібы ва ўласнасць аддзела культуры гэтыя павільёны не арыштавалі і не апісалі. І ў выніку не перадалі аддзелу культуры.

У 2024 і 2025 гадах УП «Маёнтак Падароск» некалькі разоў прапаноўваў аддзелу культуры вырашыць лёс сваёй уласнасці дагаворным спосабам. Але адказу па сутнасці не атрымаў. Аддзел культуры таксама забараніў дэмантаж, пагражаючы звярнуцца ў праваахоўныя органы пры яго спробе.

«Фактычна цяпер аддзел культуры незаконна спрабуе прадаць чужую маёмасць, — кажуць на прадпрыемстве. — Важна таксама папярэдзіць патэнцыйнага пакупніка аб тым, што ён мімаволі можа выступіць у якасці саўдзельніка ў парушэнні чужых правоў уласнасці».

Таксама ёсць іншыя «абцяжарвальныя абставіны». Напрыклад, у сядзібе няма крыніцы водазабеспячэння. Каналізацыйны калектар трэба дэмантаваць, а затым пабудаваць новы, зацверджаны новым праектам.

У сядзібе няма крыніцы цеплазабеспячэння, газаправод для забеспячэння сядзібы цяплом давядзецца цягнуць на значную адлегласць, што звязана з вялікімі выдаткамі.

— І, вядома ж, заўсёды будзе рызыка адмены рашэння суда 2023 года аб канфіскацыі маёмасці Падкарытава (усе дакументы старанна захоўваюцца), адпаведна, новы пакупнік можа быць прызнаны нядобрасумленным і будзе абавязаны вярнуць маёмасць законнаму ўладальніку, — нагадваюць аўтары.

Чытайце таксама:

Адабраную ў мецэната сядзібу ў Падароску выставілі на аўкцыён за 710 тысяч даляраў

Прадпрымальнік Павел Падкарытаў набыў у Германіі карціну Станіслава Жукоўскага. У ёй ёсць загадка

«Крэпкахазяйственная рука дацягнулася да справы». Як цяпер выглядае маёнтак Падароск, адціснуты ва ўладальніка ФОТАФАКТ

Каментары да артыкула