БЕЛ Ł РУС

Навукоўцы знялі на відэа рыбіну, якая жыве на глыбіні больш за 8 тысяч метраў

1.11.2025 / 21:15

Nashaniva.com

Навукоўцам удалося зафіксаваць рыбіну на глыбіні 8336 метры ў Ідзу-Агасаварскім жолабе ў Ціхім акіяне. Гэта цяпер самая глыбокаводная рыба, якую ўдалося зафіксаваць. Яна пераўзыходзіць папярэднюю рэкардсменку з Марыянскай упадзіны, дзе рыба жылa на глыбіні 8178 метраў, піша IFLScience.

Рыба на глыбіні 8022 метры. Фота: Minderoo-Uwa Deep Sea Research Centre

Ідзу-Агасаварскі жолаб знаходзіцца ў заходняй частцы акіяна, дзе ціхаакіянская пліта заглыбляецца пад іншыя кантынентальныя пліты. Тут навукоўцы спачатку «злавілі» рыбіну невядомага віду на глыбіні больш за 8 кіламетраў, а пасля зафіксавалі яе яшчэ глыбей — на 8336 метрах пад паверхняй вады. Убачыць яе можна цягам першых 15 секунд відэа.

Прафесар Алан Джэймінсан з Цэнтра глыбокаводных даследаванняў Minderoo-UWA (Аўстралія) адзначае, што галоўнымі фактарамі, якія вызначаюць жыццё на такіх глыбінях, з’яўляюцца не толькі ціск і глыбіня, але і тэмпература вады. У Ідзу-Агасаварскім жолабе вада крыху цяплейшая, чым у Марыянскім, бо ён бліжэй да Паўднёвага акіяна, і гэтая розніца ў 1°C можа істотна змяніць экалогію ўнутры жолаба.

На глыбіні 8022 метры вучоныя выявілі від рыб-слімакоў (ліпарысаў) Pseudoliparis belyaevi. А на глыбіні 8336 метры быў зняты іншы падобны від, які навуцы быў яшчэ невядомы. Большасць рыб-слімакоў жыве на меншых глыбінях, але некаторыя здолелі адаптавацца да больш экстрэмальных умоў, чым любыя іншыя пазваночныя.

Гэтыя рыбы дасягаюць 20—25 см у даўжыню і харчуюцца ракападобнымі, якія жывуць у жолабе і спажываюць парэшткі арганізмаў, што апускаюцца з верхніх слаёў вады. Парэшткі могуць дасягаць дна праз некалькі тыдняў ці месяцаў. Але ракападобныя здольныя выкарыстоўваць і гэтыя матэрыялы як ежу.

Прафесар Джэймінсан падкрэслівае, што Ідзу-Агасаварскі жолаб — унікальны: на Зямлі няма іншых падводных упадзін такой глыбіні з адносна цёплай вадой. 

Чытайце таксама:

Навукоўцы знайшлі незвычайныя формы жыцця ў самых глыбінях акіяна. Раней думалі, што там увогуле ніхто не жыве

Зеландыя: кантынент, які амаль цалкам схаваны пад вадою

Паглядзіце фота ўпершыню выяўленага глыбакаводнага васьмінога і яго чароўных іншапланетных дзяцей

Вы не паверыце, як марскія сланы спяць пад вадой

Каментары да артыкула