БЕЛ Ł РУС

«Я зразумеў, што ўсё, канец». Стваральнік фестывалю «Бульбамуві» вырашыў спыніць яго

1.11.2025 / 17:8

Nashaniva.com

Адзін з найстарэйшых фестываляў беларускага кіно «Бульбамуві» афіцыйна спыніў дзейнасць. Пра гэта арт-менеджар і кінематаграфіст Януш Гаўрылюк расказаў у прыватнай размове яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка, але папрасіў пачакаць з навіной да 1 лістапада, каб падрыхтавацца да «пахавання» культавага фестывалю, піша «Еўрарадыё».

Януш Гаўрылюк падчас здымак / Януш Гаўрылюк (асабісты фотаархіў)

«Бегаць за імі і прасіць ужо не хацелася»

Кінафестываль «Бульбамуві» шмат год арганізоўвалася «партызанскім» чынам — без грошай і на энтузіязме яго стваральнікаў. Аднаўленне дзейнасці падзеі ў 2021 адбылося праз падтрымку дзяржаўных інстытуцый Польшчы. Але праз чатыры гады і яна выпарылася.

«Нагодай [закрыцця] сталі паводзіны «Фільматэкі», з якой я апошнім часам супольна арганізоўваў фестываль. Я пабачыў, што яны ўжо не гараць да справы беларускага кіно», — тлумачыць сітуацыю Гаўрылюк.

Рашэнне закрыць фестываль суразмоўца прыняў самастойна, з адчуваннем палёгкі на душы.

«Я на пачатку верасня 2025 года падрыхтаваў праграму фестывалю фармат «мінімум» (у траўні 2025‑га у мяне быў эскіз праграмы «максімум») які можна было вельмі лёгка зрабіць, але тады «Фільматэка» ужо мне не адказала. Тады я зразумеў, што ўсё, канец. Бегаць за імі і прасіць ужо не хацелася. 

Маю быць шчырым — мне стала тады лёгка. Я зноў перастаў быць выратавальнікам беларускага кіно і стаў свабодным чалавекам. Ужо мне не трэба пераймацца хернёй кшталту, што зноў нейкі эстонскі фестываль прыязджае ў Варшаву на два тыдні перад «Бульбамуві» і паказвае беларускае кіно. Альбо тым, што няма новых беларускіх фільмаў. Што фільмы з Беларусі не магу паказваць, бо людзі баяцца.

Цяпер тэма фестывалю канчаткова закрытая, але ў жыцці ўсё можа яшчэ здарыцца, таму варта жыць…»

Але «Бульбамуві» ціха не знікне з мапы беларускіх культурных падзей. Адбудзецца сапраўднае кінематаграфічнае пахаванне фестывалю.

«Калі коратка, гэта будзе паказ двух добрых новых беларускіх фільмаў, а таксама дыскусія без анестэзіі пра стан беларускага кіно. Карыстаючыся нагодай, запрашаю ўсіх на нашае мерапрыемства. Падрабязнасці на нашым сайце і ў сацсетках». 

Гледачы юбілейнага Х кінафестывалю «Бульбамуві», кінатэатр «Ілюзіён», Варшава, лістапад 2024 года. Фота: Marcin Oliva Soto

Вызваліўшыся ад «Бульбамуві», Гаўрылюк вярнуўся да сваёй улюбёнай справы — здымак кіно.

«Я ў канцы года вярнуўся да сваіх дакументальных праектаў — «Апошні сабака» і «Лёнік» — пра Падляшша, маю малую бацькаўшчыну. А натхняе мяне віно. Планую ў наступным годзе закласці вінаграднік у сваёй вёсцы на Падляшшы і вырабляць віно», — расказвае суразмоўца.

Фестываль беларускага кіно «Бульбамуві» паўстаў у 2011 годзе ў Варшаве. Акрамя Януша Гаўрылюка, ля яго вытокаў стаялі рэжысёр Андрэй Кудзіненка і культуролаг Максім Жбанкоў. 

Падзея стала мастом для дзвюх краін, знаёмячы палякаў з творамі беларускіх незалежных аўтараў і рэжысёраў, што працавалі на «Беларусьфільме». У 2015 годзе падзея адбылася адначасова ў Мінску і Варшаве, а ў 2016‑м — выключна ў Мінску. 

Пасля гэтага адбыўся першы перапынак, які цягнуўся да 2021 года. Тады Гаўрылюк зноў пачаў праводзіць фестываль у Варшаве, рэагуючы так на гвалтоўную змену Мінкультам Беларусі дырэкцыі кінафестывалю «Лістапад» і жадаючы падтрымаць кінематаграфістаў, якія трапілі ў эміграцыю і пад рэпрэсіі на радзіме.

Чытайце таксама:

Фільм пра «пекла Акрэсціна» перамог на «Бульбамуві»

Выйшаў беларускі серыял «Працэсы». Расказваем, чаго чакаць

Рэжысёр Сяргей Лазніца расказаў, як ствараўся фільм «У тумане» і чаму яго цэнзураваў Мінкульт

Каментары да артыкула