Беларусь стала папулярным аб'ектам для кібератак
Беларусь заняла другое месца сярод краін СНД па колькасці кібератак, саступіўшы толькі Расіі. Такія даныя паказала кампанія Positive Technologies на канферэнцыі па інфармацыйнай бяспецы Positive SOCcon 2.5 у Мінску, піша сайт kv.by.
Паводле даследавання, у другой палове 2024 года і на працягу першых трох кварталаў 2025‑га на беларускія арганізацыі прыпала каля 9% усіх паспяховых кібератак у СНД. Безумоўны лідар тут Расія, на якую прыпалі 72%, на Казахстан — 7%.
Эксперты адзначаюць, што рост атак можа быць звязаны з павышанай цікавасцю зламыснікаў да арганізацый, якія ўдзельнічаюць у міжнародным супрацоўніцтве з Расіяй. Беларусь як найбліжэйшая яе саюзніца можа быць аб’ектам увагі замежных кібершпіёнскіх структур. Іх цікавяць дакументы, перапіска, інфармацыя пра лагістыку, санкцыі і ўнутраную сітуацыю ў краіне.
Вялікая частка інцыдэнтаў (24%) звязаная з хактывістамі, якія звычайна шыфруюць або знішчаюць даныя, а таксама ладзяць дэфейс-атакі — змяняюць змест сайтаў.
Беларусь таксама ў полі зроку кібермахляроў, якія імкнуцца атрымаць фінансавую выгаду. Асабліва часта атакуюць банкаўскую сферу, лагістыку, тэлекамунікацыі і дзяржаўныя структуры. Найбольш распаўсюджаныя спосабы — фішынг, распаўсюджванне шкодных праграм і шантаж з выкарыстаннем праграм-шыфравальнікаў.
Паводле даследавання, колькасць атак праз эксплуатацыю ўразлівасцяў у сістэмах вырасла з 34% да 48%, што звязана з выкарыстаннем састарэлых IT-сістэм і недахопам спецыялістаў па кіберабароне.
У 67% выпадкаў кібератакі ў Беларусі праводзяцца праз метады сацыяльнай інжынерыі, а доля шкоднасных праграм зменшылася з 77% да 62%.
У выніку 62% паспяховых атак прыводзяць да ўцечкі канфідэнцыйнай інфармацыі. Такія даныя карыстаюцца попытам на ценявых інтэрнэт-пляцоўках: 14% аб’яў там прысвечаныя пошуку канкрэтных звестак, яшчэ 14% — прапановам іх купіць. Кошт самых дарагіх даных дасягае 3000 даляраў.
Найбольш часта ў Беларусі атакуюць дзяржаўныя ўстановы (18% выпадкаў), далей ідуць прамысловасць (14%) і фінансавы сектар (11%). Банкі застаюцца адной з галоўных мэтаў зламыснікаў.
Чытайце таксама:
Бот па дэаноне супрацоўнікаў МУС і КДБ прыпыніў працу
«Кіберпартызаны» заявілі, што здабылі базу даных даносчыкаў КДБ
У Telegram пачалі рэкламаваць прыкладанне Telega, але яго стварылі ў Расіі