Прынц Эндру перастаў быць нават і прынцам
Кароль Вялікабрытаніі Карл III прыняў рашэнне аб пазбаўленні свайго брата, прынца Эндру, усіх тытулаў, званняў і ўшанаванняў. Гэта было зроблена пасля таго, як на гэтым тыдні сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра сувязі прынца з асуджаным за сэксуальныя злачынствы амерыканскім мільярдэрам Джэфры Эпштэйнам, паведамляе Euronews.
Прынц Эндру. Фота: Aaron Chown/Pool Photo via AP
Брат караля Вялікабрытаніі Карла III прынц Эндру будзе пазбаўлены тытула і пакіне сваю рэзідэнцыю ў Віндзорскім замку, паведамілі ў Букінгемскім палацы.
Адзначаецца, што цяпер брата Карла III будуць зваць Эндру Маунтбетэн-Віндзор. Такія меры палічылі неабходнымі нягледзячы на тое, што Эндру працягвае адмаўляць выстаўленыя супраць яго абвінавачванні, гаворыцца ў паведамленні.
Рашэнне аб пазбаўленні тытулаў, званняў і ўшанаванняў было прынята брытанскім манархам пасля таго, як на гэтым тыдні сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра сувязі прынца з асуджаным за сэксуальныя злачынствы амерыканскім мільярдэрам Джэфры Эпштэйнам.
Высветлілася, што Эндру прымаў Эпштэйна і амерыканскага прадзюсара Харві Вайнштэйна, таксама асуджанага за сэксуальныя злачынствы, у сваёй рэзідэнцыі ў Віндзоры ў 2006 годзе.
Прынц Эндру быў вымушаны адмовіцца ад выканання афіцыйных абавязкаў члена каралеўскай сям'і ў 2019 годзе з-за скандалу, выкліканага справай Эпштэйна. Гэта адбылося пасля таго, як амерыканка Вірджынія Джуфрэ выступіла з абвінавачваннямі супраць прынца, заявіўшы, што ён быў адным з мужчын, з якімі яе прымушалі займацца сэксам у 17‑гадовым узросце.
У сваёй кнізе Nobody's Girl («Нічыя дзяўчынка») Джуфрэ згадвае пра тры выпадкі сэксуальных адносін з членам брытанскай сям'і і абвінавачвае прынца ў тым, што той лічыў сэкс з ёй «правам па нараджэнні». Кніга была апублікаваная праз паўгода пасля таго, як Джуфрэ скончыла жыццё самагубствам.
Чытайце таксама:
Прынц Эндру адмовіўся ад тытула герцага Ёркскага. Яму зноў вылезла бокам справа Эпштэйна
Стывен Хокінг браў удзел у сэксуальных оргіях? Што за «спісы Эпштэйна» і хто ў іх трапіў
Карл ІІІ выгнаў прынца Эндру з Букінгемскага палаца
Лізавета ІІ пазбавіла свайго сына Эндру чыноў і тытулаў. Яго вінавацяць у згвалтаванні