БЕЛ Ł РУС

Беларускай удзельніцы конкурсу «Міс Сусвет» зрабілі касцюм вагой 11 кілаграмаў. Шэсць з іх — какошнік

30.10.2025 / 20:16

Nashaniva.com

Пераможца конкурсу «Міс Беларусь — 2025» Алёна Кучарук рыхтуецца ляцець у Тайланд на конкурс «Міс Сусвет», на якім збяруцца прыгажуні са 134 краін. БелТА з пафасам расказала, як вядзецца падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства. 

Фінал конкурсу адбудзецца 21 лістапада, але Кучарук паляціць у Бангкок ужо 1 лістапада. А ўвесь апошні месяц яе актыўна да гэтага рыхтуюць. Падрыхтоўка сканцэнтравана на дэфіле, рэпетыцыі выхадаў і пастановак, якія будуць у фінале конкурсу. Гэта выхад у нацыянальным касцюме, вячэрняй сукенцы, купальніку і шэраг іншых. Таксама дзяўчыну вучылі рабіць сабе макіяж і прычоску, давалі ўрокі акцёрскага майстэрства, практыкавалі англійскую мову.

Дызайнеркі Таццяна Яфрэмава і Ірына Рамбальская, якія робяць строі для Алены Кучарук, спалучаюць у іх лятучы шоўк і металізаваныя тканіны, пазалочаную скуру і храмаваныя гарсэты. Шаўковы ніз, як сцвярджаецца, арганічна спалучаецца з верхам з храмаванага пластыку з элементамі сапраўднага срэбра.

«Насамрэч я шчыра лічу, што ў Беларусі самае галоўнае золата і брыльянты — нашы дзяўчаты. На гэты вобраз нас натхніла, як бы банальна гэта ні гучала, беларуская пшаніца, але мы паспрабавалі выкарыстаць гэты сімвал нетыпова. Праз хром, метал і золата мы паказалі, што сапраўдная беларуская прыгажуня не толькі пяшчотная і далікатная, але і моцная. На самай справе яна браня нашай краіны, якая гатовая абараняць Радзіму і адстойваць гонар Беларусі на міжнароднай арэне», — патлумачыла ідэю Ірына Рамбальская.

Яе калега Таццяна Яфрэмава дадае:

«Гэта цалкам ручная работа, тут рукамі вылеплены кожны каласок. […] Апошнія калекцыі, якія мы прадстаўляем на міжнародным узроўні, гэта ода беларусцы. Выхад у вячэрняй сукенцы — таксама песня пра беларускую дзяўчыну, толькі ў новай інтэрпрэтацыі».

Падчас падрыхтоўчай працы жанчыны перагледзелі мноства ўбораў ад прадстаўніц афрыканскіх і азіяцкіх краін, бо там, маўляў, заўсёды ёсць буянне фарбаў. Але ўрэшце ўсё ж вырашылі пайсці ўласным шляхам, бо афрыканскае і азіяцкае «ўсё ж такі не наша ДНК».

Нацыянальны касцюм для конкурса выканаў дызайнер Дзмітрый Цітушкін у стылі афіцыйных герба і сцяга, ён мае «дэманстраваць нашу нацыянальную самабытнасць».

Для яго стварэння выкарыстана 30 тысяч каштоўных камянёў, вага касцюма — 11 кілаграмаў, а праца над ім ішла два месяцы. Пры гэтым 6 кілаграмаў заважыў галаўны ўбор.

Алёне Кучарук гэты касцюм спачатку здаваўся занадта цяжкім, але пасля прыцярпелася.

Таксама яна прадэманструе на конкурсе новую парфуму «Беларусь», якую стварыў парфумер Мікалай Ярац. У яе водары спалучыліся пах скошанай травы з лімонам, а таксама пах півонь, якія вырошчвае дома маці парфумера. Характар парфумернай кампазіцыі надае нота пачулі, дубовага моху і ванілі. У выніку атрымліваецца

«брутальны драўняны водар з лёгкім акцэнтам на жаноцкасць. Парфума «Беларусь» уваходзіць у калекцыю, дзе таксама можна знайсці водары, звязаныя з Мінскам, космасам, прыгажосцю беларускіх дзяўчат і нашымі сінімі азёрамі».

Сама Алёна Кучарук перад выездам на конкурс кажa:

«Крыху хвалююся, бо ніколі не лётала на самалёце. У Тайландзе я буду без маёй каманды, але яна заўсёды будзе са мной на сувязі. Я страшэнна ўдзячная ўсім, хто са мной працаваў, бо без гэтых людзей не справілася б».

Чытайце таксама:

Бляск кароны і голас народа: што беларусы думаюць пра конкурс «Міс Беларусь»

Фіналістак конкурсу «Міс Беларусь — 2025» вывелі на сцэну ў касцюмах з цытатамі Лукашэнкі

Памерла маці-каралева Тайланда. Яе называлі іконай стылю

Каментары да артыкула