БЕЛ Ł РУС

Стаў вядомы прысуд палітзняволенаму фатографу з Мазыра. Відаць, ён пацярпеў па справе Гаюна

30.10.2025 / 18:46

Nashaniva.com

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра прысуд палітвязню з Мазыра, фатографу Аляксею Кайдашу, які знаходзіцца за кратамі з лютага гэтага года. Як паведамляе «Гомельская вясна», суд прызнаў яго вінаватым па артыкуле 361‑4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», прысудзіўшы тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Аляксей Кайдаш

Аляксея Кайдаша затрымалі ў лютым 2025 года і спачатку пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту за нібыта распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Аднак пасля заканчэння тэрміну яго не вызвалілі — супраць яго распачалі крымінальную справу, пасля чаго мужчына быў пераведзены ў СІЗА №3 у Гомелі, дзе, як мяркуецца, утрымліваецца дагэтуль.

19 мая беларускія праваабаронцы прызналі Аляксея Кайдаша палітычным зняволеным.

Да арышту ён працаваў прафесійным фатографам у Мазыры, рабіў вясельныя, дзіцячыя і партрэтныя фота, а таксама камерцыйныя здымкі для каталогаў і меню.

Падрабязнасці абвінавачвання пакуль невядомыя, але, па меркаванні праваабаронцаў, існуе верагоднасць, што Кайдаша рэпрэсавалі ў сувязі са «справай Беларускага Гаюна» — праекта, які маніторыў перамяшчэнні расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны.

Чытайце таксама:

Мантажніку оптавалакна прысудзілі 5,5 года калоніі за актыўнасць у тэлеграме. Спачатку — за каментары, пасля — за Гаюн

Пасадзілі падпалкоўніка і былога выкладчыка Вайсковай акадэміі. Ён падтрымаў народ у 2020-м

Памятаеце суддзю Мінгарсуда, які адмовіўся судзіць палітвязня і звольніўся? Вось дзе ён цяпер

Каментары да артыкула