БЕЛ Ł РУС

На пляжы ў Аўстраліі знайшлі бутэльку з лістамі салдат Першай сусветнай вайны

30.10.2025 / 17:26

Nashaniva.com

На ўзбярэжжы Заходняй Аўстраліі нядаўна было зроблена неверагоднае адкрыццё. Мясцовы жыхар Пітэр Браўн і яго дачка Фелісіці знайшлі бутэльку з лістамі салдат Першай сусветнай вайны, якая праляжала ў пяску больш за 100 гадоў, піша CNN.

Фота: CNN

9 кастрычніка сям’я падчас прыбірання пляжу Уортан каля горада Эсперанс заўважыла старую шкляную бутэльку Schweppes. Калі яе адкрылі, усярэдзіне аказаліся два лісты, напісаныя алоўкам у 1916 годзе двума аўстралійскімі салдатамі — 27‑гадовым Малькольмам Невілам і 37‑гадовым Уільямам Харлі.

Абодва пасланні былі датаваныя 15 жніўня 1916 года, праз тры дні пасля таго, як іх карабель HMAT A70 Ballarat выйшаў з порта Адэлаіда і накіраваўся да Францыі. Іх падраздзяленне павінна было ўзмацніць 48‑ы батальён аўстралійскай пяхоты, які ваяваў у Еўропе на Заходнім фронце.

Невіл у сваім лісце прасіў, каб, калі бутэльку знойдуць, яе пераслалі яго маці — Раберціне Невіл, якая жыла ў маленькім гарадку Вілкават. Ён пісаў:

«Мы цудоўна праводзім час, ежа добрая, хіба што адну страву мы пахавалі ў моры. Карабель гойдае і кідае па хвалях, але мы шчаслівыя, як Лары» [выраз «шчаслівы, як Лары» — старая аўстралійская прымаўка, якая азначае «вельмі шчаслівы». — Рэд.].

Гарлі, чыя маці ўжо памерла, дазволіў таму, хто знойдзе пасланне, пакінуць яго сабе.

«Няхай таму, хто знойдзе гэты ліст, будзе так жа добра, як і нам цяпер», — напісаў ён.

На сваіх лістах салдаты пазначылі месцазнаходжанне як «Дзесьці ў моры» і «Дзесьці ў заліве», маючы на ўвазе Вялікі Аўстралійскі заліў.

Пасля адпраўкі на вайну лёсы вайскоўцаў склаліся па-рознаму: Невіл загінуў у баі праз год, а Харлі быў двойчы паранены, вярнуўся дадому, але памёр у 1934 годзе ад раку, верагодна з-за ўздзеяння атрутнага газу на фронце.

Дэб Браўн, жонка Пітэра, мяркуе, што бутэлька ўсе гэтыя гады не плавала ў моры, а ляжала ў пяску, і толькі нядаўнія штармавыя хвалі вымылі яе на паверхню. Нягледзячы на ўзрост, папера захавалася вельмі добра, а напісанае лёгка чытаецца.

Дзякуючы гэтаму сям’я змагла знайсці сваякоў абодвух салдат.

Унучка Гарлі, Эн Тэрнер, прызналася, што была ўражаная:

«Гэта сапраўдны цуд — нібы наш дзед працягнуў руку праз час і нагадаў пра сябе».

А Гербі Невіл, праўнук Малькольма, адзначыў, што гэтая гісторыя аб’яднала ўсю сям’ю:

«Ён, здаецца, быў поўны радасці, калі ішоў на вайну. Вельмі сумна, што ўсё скончылася яго гібеллю. Але якім жа ён быў чалавекам!»

Чытайце таксама:

80‑гадовую пасажырку круізнага судна забыліся на трапічным востраве. Гэта скончылася для яе трагічна

У Аўстраліі акула напала на падлетка. Яго выратавалі адважныя сябры

У Кітаі аўстралійскі фільм пусцілі ў пракат змененым з дапамогай штучнага інтэлекту. Гей-пару ператварылі ў гетэрасексуальную

Каментары да артыкула