БЕЛ Ł РУС

У Гомелі пенсіянер адганяў на пляжы камароў і трапіў пад суд

30.10.2025 / 15:36

Nashaniva.com

Рэч у тым, што рабіў ён гэта палавым органам, звярнуўшы на сябе ўвагу адпачывальнікаў. На заўвагі 66‑гадовы мужчына не рэагаваў, таму тыя выклікалі міліцыю, піша belkagomel.by.

Ілюстрацыйны здымак

Здарэнне адбылося на возеры ў раёне вуліцы Свірыдава ў верасні, калі яшчэ было цёпла. Пенсіянер прыйшоў на пляж, распрануўся да бялізны, а потым спусціў і трусы. На шчасце, побач не было дзяцей.

На дзіўныя паводзіны пенсіянера звярнулі ўвагу наведвальніцы пляжу і аўтамабіліст, які праязджаў міма. Паводле іх слоў, мужчына пастаянна круціў галавой з боку ў бок і церабіў палавы орган.

Міліцыянерам, якія прыбылі па выкліку, ён сказаў, што адганяў камароў.

«Гараджанін у выніку прызнаў, што паводзіў сябе непрыстойна і праявіў непавагу да грамадства. У дачыненні да мужчыны заведзена крымінальная справа за хуліганства, якую неўзабаве разгледзіць суд. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — пазбаўленне волі да трох гадоў. Раней у поле зроку праваахоўных органаў пенсіянер не трапляў», — паведамілі падрабязнасці ў пракуратуры горада.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула