БЕЛ Ł РУС

Два памежныя пераходы на мяжы Польшчы і Беларусі плануюць адкрыць у сярэдзіне лістапада

30.10.2025 / 14:57

Nashaniva.com

Прадстаўнік урада Польшчы Адам Шлапка паведаміў, што дасягнута дамоўленасць адкрыць памежныя пераходы «Кузніца» і «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы «прыкладна ў сярэдзіне лістапада», паведаміла агенцтва PAP.

На польска-беларускай мяжы. Фота: AP Photo / Michal Dyjuk

Паводле яго слоў, да такой дамоўленасці прыйшлі прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск і прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене.

Ён дадаў, што адкрыццё памежных пераходаў з Беларуссю планавалася ажыццявіць раней, аднак літоўскі бок у размове з прэм'ерам Тускам узняў пытанне напружанасці на сваёй мяжы.

У аўторак прэм'ер Польшчы Дональд Туск заявіў, што ў лістападзе на пробны перыяд будуць адкрыты пераходы «Кузніца» (закрыты з 2021 года) і «Баброўнікі» (закрыты з 2023 года).

Сёння міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі сказаў, што пытанне адкрыцця пераходаў крыху адкладаецца:

«За апошнія два гады ўрад Дональда Туска здолеў моцна ўмацаваць мяжу, і працэс нелегальнай міграцыі на польска-беларускай мяжы ўзяты пад кантроль. Гэта, па-першае. Па-другое, у нас адкрыты памежныя пераходы з Беларуссю, але ў Люблінскім ваяводстве. Некаторы час таму прэм’ер-міністр зноў казаў аб адкрыцці новых памежных пераходаў, на гэты раз у Падляшскім ваяводстве. І мы, верагодна, зрабілі б гэта значна раней, калі б не той факт, што Літва адначасова свае пераходы з Беларуссю закрывае. Літоўцы — гэта нашы партнёры, мы з імі ў кантакце. Я размаўляў з намеснікам міністра ўнутраных спраў, і падчас учарашняй сустрэчы ў Гданьску, і сёння я буду гаварыць па тэлефоне. Падтрымаем літоўцаў у гэтым рашэнні. Таму адкрыццё пераходаў у Падляшскім ваяводстве адкладваецца на некалькі тыдняў, але рашэнне тут было прынята», — сказаў ён.

Учора ўрад Літвы прыняў рашэнне закрыць мяжу з Беларуссю да 30 лістапада, пакінуўшы магчымасць перасякаць яе ў пункце пропуску «Меднікі» толькі для некаторых катэгорый асоб. Пры гэтым члены літоўскага ўрада заяўлялі, што разлічваюць на салідарнае рашэнне польскага боку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула