БЕЛ Ł РУС

Піт Паўлаў: «У N.R.M. былі і дзікая папулярнасць, і наватарства. Зробім апошнія канцэрты прыгожымі»

29.10.2025 / 23:45

Nashaniva.com

Франтмэн легендарнага гурта N.R.M. Піт Паўлаў расказаў у інтэрв’ю budzma.org, чаму гурт абвясціў пра свае апошнія канцэрты, як ён дапамагаў каліноўцам і як не дае тузе захапіць сябе.

Піт Паўлаў. Фота з асабістай старонкі ў Facebook

— У сеціве паведамляецца, што ў N.R.M. будзе апошні канцэрт у Вільні 7 лістапада і апошні канцэрт у Варшаве 9 лістапада. Што вы ўкладаеце ў вызначэнне «апошні»?

— Менавіта тое, што напісана. Скажам шчыра: цікавасць да гурта даўно не такая высокая, як раней. Да таго ж збірацца нам, музыкам, вельмі складана. Калі лічыць ужо з былымі ўдзельнікамі, то музыкі гурта раскіданыя па трох краінах.

У такіх умовах можна было б паставіць творчасць у рамках гурта на так званую паўзу. Але па шчырасці, на гэты момант я не бачу падстаў, пры якіх дзейнасць можна было б аднавіць.

А з улікам таго, што мы запісалі, на мой погляд, адзін з найлепшых альбомаў гурта («Апошні»), ёсць магчымасць не толькі паказаць яго, але і зрабіць апошнія канцэрты прыгожымі — з новымі песнямі. Мы шмат рэпеціравалі, знаходзімся ў добрым канцэртным стане. Аднак у маіх вачах гэта апошнія канцэрты N.R.M.

— Калі вы азіраецеся назад, што вам найбольш дарагое з усяго шляху N.R.M.?

— Шлях N.R.M. — гэта цэлае жыццё, складана вылучыць адзін нейкі перыяд ці момант, было шмат усяго. Пачатак атрымаўся імклівы і натхнёны, за якім надышла дзікая папулярнасць.

Мы стваралі новыя трэнды. У тым ліку, стваралі саму інфраструктуру грання канцэртаў у Беларусі. Мы прыязджалі ў месцы, дзе ніколі ў гісторыі не было рок-канцэртаў. Ці ў мястэчкі, дзе канцэрт N.R.M. быў першым за некалькі дзесяцігоддзяў. Мы стварылі цэлыя кірункі: напрыклад, гралі акустычныя канцэрты — іх да нас ніхто не ладзіў, бы не было акустычных інструментаў у краіне, можаце сабе ўявіць?

Піт Паўлаў. Фота з асабістай старонкі ў Facebook

Мы шмат што рабілі першымі. Яшчэ адзін прыклад: калі ў нас выйшаў першы сінгл, я пераклаў слова як «самотнік». Дасведчаныя журналюгі да гэтага часу карыстаюцца гэтым тэрмінам.

Наватарства N.R.M. у свядомасці людзей не персаніфікавана, пошук новых формаў і падыходаў адбываўся ўвесь час дзейнасці гурта. Перш за ўсё дзякуючы шалёнай падтрымцы гурта, што выклікала ў нас як творцаў страшны энтузіязм.

Калі сышоў Лявон, гэта стала моцным выклікам. У мяне быў гурт GARADzKIJA, фальклорны праект PAPARAĆ, і я думаў, што N.R.M. закрыецца. Але нас трымала страшная любоў да гэтага гурта.

Магчыма, гэта цяжка зразумець, але граць у N.R.M. — гэта цяжка. Мы былі нічым нікому не вінныя, але ледзь не кожны нас вінаваціў, што мы зрабілі нешта не так. Хаця мы рабілі ўсё так, а рашэнне пра сыход Лявона Вольскага — не нашае, а яго.

Калі выйшаў альбом Д.П.Б.Ч. (2013), у які мы шмат уклалі, людзі фізічна не маглі яго прыняць: як гэта — N.R.M. і без Лявона? Думаю, многія яго нават не слухалі. Але што б там ні было, гранне ў N.R.M. давала нам энергію і шчасце.

І тое, што альбом «Апошні» напісаўся (пад уздзеяннем падзей 2020 года і вайны), гэта абсалютная нечаканасць. Папярэдні альбом Д.П.Б.Ч. быў так названы, бо мелася на ўвазе, што гэта, напэўна, усё, што больш нічога пісаць мы не будзем. І тое, што напісаўся яшчэ адзін альбом — моцны, цэльны, класны па гуку — я разглядаю як падарунак лёсу.

— Што будзе далей для вас асабіста пасля апошніх канцэртаў N.R.M.?

— У мяне столькі роляў у музыцы, што каб падрабязна пра іх расказаць, трэба асобнае інтэрв’ю. У мяне падрыхтаваны цыкл, першай часткай якой сталі Zbroja. Zołata. Kabiety, дзе я выступаю нібыта героем мюзікла ці серыяла, адначасова сцэнарыстам і акторам. А ёсць яшчэ другая, не выдадзеная пакуль частка «Кантрабанда».

Амаль гатовы альбом майго фальклорнага гурта PAPARAĆ, які трэба давесці да ладу.

Напісаліся песні для гурта Pit Pawlaw, пару з якіх вы ўжо маглі чуць — Tu, tu-tu-tu, Tyt, а таксама Točyć.

Яшчэ адна роля, пра якую хацеў бы расказаць чытачам, — я пачаў весці на «Радыё Рацыя» музычны падкаст «Хіба толькі рэха». Там не толькі беларуская музыка, але і мае асабістыя разважанні, асабістыя выказванні. Тых, хто слухае ці будзе слухаць, заклікаю дзяліцца сваёй рэакцыяй і пажаданнямі — пішыце ў мой канал у тэлеграме.

Па словах Pit Pawlaw мяне можна таксама знайсці ў іншых сацсетках, падпісвайцеся на мой канал у Youtube.

— Праходзіла навіна, што вы здымаецеся ў польскіх фільмах. Як справы на гэтым кірунку?

— Я здымаўся ў якасці масоўкі, у ролі махляра. Насамрэч пра гэта не варта было б казаць, калі б не маё жаданне зняць свой серыял па праекце Zbroja. Zołata. Kabiety. Таму на здымках, няхай нават у масоўцы, я маю магчымасць атрымаць пэўны досвед.

Піт Паўлаў. Фота з асабістай старонкі ў Facebook

— У 2023‑м вы ездзілі з канцэртамі да каліноўцаў ва Украіну, пасля збіралі грошы на дрон…

— Што значыць «на дрон»? Я дапамог сабраць сродкі ўжо на пяць дронаў. На два сабраў асабіста, а яшчэ на тры актыўна дапамагаў. Цікава, што мая песня «Палае» так спадабалася каліноўцам, што яны падкладаюць яе пад свае ролікі, пад так званыя «баявыя».

Былі думкі і кліп зняць на гэтую песню ва Украіне, але пакуль справа не дайшла да гэтага, можа, яшчэ дойдзе.

— Як вы асабіста вытрымліваеце сённяшнія цяжкія часы?

— Па-першае, я вырашыў, што не мушу ўдзельнічаць у рэчах, якія працуюць на раздрай. Калі пачынаецца бульбасрач, я спрабую ўсё ж аб’яднаць абодва бакі, давесці іх да пагаднення. 

Па-другое, штодзень я праходжу мінімум 10 кіламетраў. Усе размовы-перамовы я пакідаю на час, калі іду на шпацыр, які часам пераўтвараецца ў бясконцы. І праз дзень хаджу на турнік. Даволі актыўна трэніруюся, магчыма, зараз знаходжуся ў найлепшай фізічнай форме за ўсё жыццё.

Канешне, я адчуваю і настальгію, і дэпрэсія спрабуе накаціць на мяне, але фізічная актыўнасць паляпшае гарманальны фон і разганяе тугу, якая абавязкова захапіла б мяне, калі б я проста сядзеў і глядзеў у сцяну. Таму і ўсім раю — не сядзіце дома і хадзіце на шпацыры.

Піт Паўлаў. Фота з асабістай старонкі ў Facebook

Чытайце таксама:

Піт Паўлаў і Сяргей Марцалеў здымаюцца ў польскім кіно — вось як і навошта

«Баста ўжо паклікаў на лэйбл». Хлопец з Гродна за месяц стаў рэперам, якога абмяркоўвае ўся постсавецкая прастора

Чым жыве оперны спявак Сільчукоў, якога ў 2020‑м звольнілі з Вялікага тэатра за пазіцыю

Новыя куміры мінскай моладзі — гурт «Барысаўскі тракт»

Каментары да артыкула