БЕЛ Ł РУС

«Аднавілі грамадскі парадак, не саступіўшы патрабаванням новых выбараў». Што піша Грокіпедыя пра пратэсты, Лукашэнку, мову і як дзеліць спадчыну ВКЛ

29.10.2025 / 9:0

Ф. Раўбіч

Ілан Маск прадставіў Грокіпедыю як «альтэрнатыву Вікіпедыі», якая нібыта павінна «ачысціць яе ад прапаганды». «Наша Ніва» прааналізавала шэраг артыкулаў, каб зразумець, ці сапраўды Грокіпедыя прапануе новую якасць ведаў — ці проста перапісвае Вікіпедыю з іншым ідэалагічным ухілам.

Грокіпедыя часта ў артыкулах на палітычную тэму схіляецца да афіцыйнай пазіцыі беларускіх уладаў. Калаж: Наша Ніва

Мы прааналізавалі шэраг артыкулаў пра Беларусь — ад палітычных да культурных і гістарычных — і параўналі іх з адпаведнымі матэрыяламі ў Вікіпедыі. Асабліва нас цікавілі апісанні палітычнага крызісу 2020‑х гадоў, ключавых падзей і постацяў, а таксама тое, наколькі дакладна і з якіх крыніц Грокіпедыя атрымлівае інфармацыю.

Цяперашняя версія праекта (v0.1) існуе толькі на англійскай мове і пакуль істотна саступае Вікіпедыі па маштабе: каля 885 тысяч артыкулаў супраць больш чым сямі мільёнаў у англамоўнай Вікіпедыі. Верагодна, колькасць будзе расці, але пакуль у Грокіпедыі прадстаўлены толькі асноўныя тэмы — няма артыкулаў пра менш важныя тэмы, як беларускія раённыя цэнтры, малыя рэкі і мясцовыя помнікі.

Візуальна сайт выглядае вельмі аскетычна. Артыкулы маюць мінімалістычнае афармленне без ілюстрацый, шаблонаў і ўнутраных гіперспасылак, таму звыклай энцыклапедычнай навігацыі няма. Зноскі адкрываюцца адразу пры кліку, але яны кепска звязаныя са спісам крыніц у канцы артыкула і выглядаюць як нефарматаваныя спасылкі.

Скрыншот сайта

Прынцыповая розніца ў тым, што Грокіпедыя карыстаецца толькі адкрытымі анлайн-крыніцамі, у той час як Вікіпедыя шырока звяртаецца таксама да кніг і друкаваных навуковых выданняў, якіх можа не быць у вольным доступе.

Следам за англамоўнай Вікіпедыяй у Грокіпедыі беларускія тапонімы падаюцца ў транслітарацыі з рускіх варыянтаў назваў — Grodno, Novogrudok, Mogilev, Polotsk. Гэта не адзінае падабенства: шмат артыкулаў фактычна скапіраваныя з Вікіпедыі.

Як і ў выпадку з расійскай Рувікі, новы праект Маска выкарыстоўвае тэксты Вікіпедыі як аснову сваёй базы. Такія артыкулы пазначаныя як «адаптаваныя з Вікіпедыі», хоць у большасці выпадкаў яны цалкам дублююць змест арыгіналу. Асабліва гэта заўважна ў непалітычных тэмах — напрыклад, у матэрыялах пра Мірскі і Нясвіжскі замкі або стадыён «Дынама». Часам у тэксце застаюцца недавычышчаныя рэшткі вікі-разметкі і фрагменты спасылак на ілюстрацыі.

Зусім іншы падыход бачны ў артыкулах на «палітычныя» тэмы. Іх у Грокіпедыі значна больш, чым можна было б чакаць. Гэта не толькі артыкулы пра актуальныя палітычныя падзеі і дзеячаў, але і матэрыялы пра далёкую мінуўшчыну, выданні і нават гарады.

Штучны інтэлект стварае вельмі вялікія тэксты, часта ў некалькі разоў аб’ёмнейшыя за вікіпедыйныя, структуруе іх на раздзелы і падраздзелы, амаль кожны фрагмент суправаджае спасылкамі. Але часам у тэксце з’яўляюцца ўласныя абагульненні і высновы мадэлі — без указаных крыніц.

Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Ramil Sitdikov / Pool Photo via AP

Артыкул пра Лукашэнку ў Грокіпедыі выглядае аб’ёмным і структураваным, але яго тон заўважна набліжаны да афіцыйнай версіі.

Ужо ў першых радках Лукашэнка падаецца як кіраўнік, які «аднаўляў грамадскі парадак праз барацьбу з арганізаванай злачыннасцю», «падтрымліваў нізкае беспрацоўе дзякуючы дзяржаўнай эканоміцы» і «паглыбляў інтэграцыю з Расіяй».

Пратэсты 2020 года і наступныя рэпрэсіі апісваюцца ўсяго як адзін з «канфліктаў», без акцэнту на маштаб парушэнняў правоў чалавека. Асобныя раздзелы з назвамі кшталту «Дасягненні ў сферы суверэнітэту і парадку» і «Сацыяльны дабрабыт і стабільнасць» падкрэсліваюць пазітыўны, амаль афіцыйны тон артыкула.

У частцы пра «грамадскую падтрымку» спачатку падаюцца афіцыйныя лічбы пра 87,6% галасоў на выбарах 2025 года, а толькі потым — дадзеныя даследавання Chatham House, дзе рэальная падтрымка ацэньваецца ў 27%. Такі парадак падсвядома ўзмацняе афіцыйную версію.

Вікіпедыя наадварот пачынае з характарыстыкі Лукашэнкі як «аўтарытарнага кіраўніка» і «апошняга дыктатара Еўропы». Вікі-артыкул адразу адзначае, што «выбары не былі вольнымі і справядлівымі» і што «пераабранне 2025 года было імітацыяй».

Таксама дэталёва падаюцца звесткі пра масавыя затрыманні, гвалт і санкцыі з боку ЕС і ЗША, з указаннем крыніц і пазіцый міжнародных назіральнікаў.

У выніку Грокіпедыя выглядае больш спакойнай і «ўраўнаважанай», але гэтая нейтральнасць ілюзорная — тэкст мякка пераказвае рыторыку ўлады пад выглядам аб’ектыўнага выкладу.

І гэта не выпадковасць, артыкул у Грокіпедыі больш за 70 разоў спасылаецца на афіцыйныя дзяржаўныя рэсурсы тыпу БелТА, сайтаў ведамстваў і афіцыйнага сайта Лукашэнкі.

Ціханоўская

Святлана Ціханоўская. Фота: Yauhen Yerchak / Anadolu via Getty Images

Артыкул пра Святлану Ціханоўскую ў Грокіпедыі таксама выглядае вялікім і дэталёвым, але яго аповед пабудаваны так, што ўвага паступова змяшчаецца з сутнасці пратэсту і рэпрэсій на праблемы і слабасці апазіцыі. 

Пасля даволі нейтральнага пачатку, дзе Ціханоўская прадстаўляецца як «прадэмакратычная актывістка» і кандыдатка на выбарах 2020 года, тэкст пераходзіць да раздзелаў з характэрнымі назвамі — «Выклікі легітымнасці», «Унутраныя падзелы апазіцыі», «Эфектыўнасць і стратэгічныя недахопы» і «Напружанне з урадамі краін, якія прымаюць».

У гэтых частках падрабязна апісваюцца скандалы ў эміграцыйных структурах, «аслабленне адзінага фронту», «залежнасць ад заходняй падтрымкі» і зніжэнне яе палітычнага ўплыву.

Такі парадак падачы фактаў фармуе ўражанне, што асноўная роля Ціханоўскай не ў тым, што яна стала сімвалам супраціву дыктатуры, а ў тым, што апазіцыя «не здолела перамагчы».

Падкрэсліваюцца і асабістыя дэталі — зніжэнне аховы ў Літве, сямейныя канфлікты, крытыка з боку ўласных паплечнікаў — што можа пасяліць у чытачы лёгкі недавер да асобы.

У Вікіпедыі, наадварот, галоўная рамка задаецца адразу: выбары 2020 года былі прызнаныя недэмакратычнымі, а Ціханоўская — апазіцыйная лідарка і галоўная апанентка Лукашэнкі, вымушаная пакінуць краіну і стварыць альтэрнатыўныя структуры. Вікіпедыйны тэкст змяшчае менш ацэнак, а сцвярджэнні падмацаваныя крыніцамі.

Пратэсты

Пратэсты 2020 года. Фота: LookByMedia

Што да апісання пратэстаў 2020—2021 гадоў, то абодва артыкулы — у Грокіпедыі і Вікіпедыі — выглядаюць грунтоўна і ў цэлым нейтральна. Яны не супярэчаць адно аднаму, але адрозніваюцца оптыкай і спосабам падачы падзей.

Артыкул на Грокіпедыі, створаны штучным інтэлектам, мае выразна аналітычны характар. Ён выбудоўвае аповед ад масавых вулічных выступаў да сістэмных прычын, чаму яны не прывялі да змены ўлады.

Асноўная ўвага ў Грокіпедыі надаецца таму, як рэжым Лукашэнкі ўтрымаўся: праз лаяльнасць сілавікоў, падтрымку Расіі і здольнасць улады адаптавацца да санкцый — пераарыентаваць эканоміку на ўсход і захаваць базавую стабільнасць. Тэкст уражвае размахам і дэталёвасцю, але яго фокус паступова змяшчаецца ад гвалту і катаванняў да геапалітыкі і эканамічных механізмаў.

Вікіпедыя, наадварот, больш дакументальная. Пратэсты ў ёй паказаныя праз чалавечы досвед: смерці, катаванні, забароненыя сімвалы, рэпрэсіі і закрыццё медыя. Галоўны акцэнт зроблены на маральным і юрыдычным вымярэнні — на пытаннях адказнасці і парушэння правоў чалавека.

Беларуская мова

З беларускай мовай у Грокіпедыі і Вікіпедыі сітуацыя падобная — тэксты вельмі блізкія па фактах, але розныя па фокусе.

Вікіпедыя апісвае беларускую мову ў Вялікім Княстве Літоўскім як мову справаводства і культуры, а Грокіпедыя — як палітычны інструмент дзяржавы, які дазваляў насельніцтву супрацьпастаўляць сябе Маскоўскай Русі, але пазней страціў свой статус праз імперскую русіфікацыю.

Вікіпедыя таксама падрабязна расказвае пра сённяшні стан мовы, пра палітычны ціск і дыскрымінацыю беларускамоўных у адукацыі, пра скарачэнне ўжытку ў медыя і публічнай сферы.

Грокіпедыя ж прапануе шырэйшы, аналітычны погляд: беларуская мова паказваецца як частка большай палітычнай, эканамічнай і геапалітычнай сістэмы. Тут тлумачыцца, як савецкая і постсавецкая русіфікацыя разам з эканамічнай залежнасцю ад Расіі ўмацавалі дамінаванне рускай у дзяржаўным кіраванні, адукацыі і бізнесе.

Асобна ў Грокіпедыі адзначаецца пералом пасля 2020 года, калі беларуская стала сімвалам пратэстаў і разам з носьбітамі трапіла пад рэпрэсіі — праз закрыццё беларускіх устаноў і вымушаную эміграцыю культурных дзеячаў, выкладчыкаў і даследчыкаў.

Вялікае Княства Літоўскае

Смерць Міндоўга. Р. Штэйн і Г. Зэйфер, каля 1900 г. Англійская Вікіпедыя схіляецца да пралітоўскага наратыву адносна ВКЛ і паходжання князёў, ігнаруючы значэнне беларускіх зямель, у той час як Грокіпедыя разглядае ВКЛ праз усходнеславянскую оптыку. Фота: Wikimedia Commons

Артыкулы пра Вялікае Княства Літоўскае ў Вікіпедыі і Грокіпедыі істотна адрозніваюцца па падыходзе, хоць грунтуюцца на адных гістарычных фактах. Вікіпедыя падае гісторыю дзяржавы ў традыцыйным акадэмічным ключы — паслядоўна і праз асноўныя палітычныя, культурныя і этналігвістычныя вехі. Тэкст імкнецца да нейтральнасці, але схіляецца да пралітоўскага наратыву, паказваючы эвалюцыю ад паганскага княства да еўрапейскай дзяржавы. Шматэтнічнасць і роля беларускіх і ўкраінскіх зямель хоць і адзначаюцца, але разглядаюцца ў кантэксце развіцця літоўскай дзяржаўнасці.

Грокіпедыя, наадварот, разглядае ВКЛ больш праз прабеларускую і ўсходнеславянскую оптыку. Тут дзяржава падаецца не столькі як літоўская, колькі як шматэтнічная і шматмоўная палітычная сістэма, дзе асноўная мова кіравання — русінская, а палітычны і культурны цэнтр дзяржавы змяшчаецца на землі сучаснай Беларусі і Украіны.

Тэкст падкрэслівае адміністратыўную, культурную і дэмаграфічную вагу беларускіх зямель і паказвае ВКЛ як дзяржаўны праект, які аб’яднаў літоўскія і старажытнарускія традыцыі.

Мінск

Нечакана, але адным з самых выразных ідэйных водападзелаў паміж Грокіпедыяй і Вікіпедыяй сталі артыкулы пра Мінск у абедзвюх версіях. У Грокіпедыі ён мае выразнае праўладнае адценне, апісвае горад як сімвал «парадку» і «дзяржаўнай устойлівасці». 

У тэксце шмат фактаў — пра выбары, санкцыі, дэмаграфію, але аўтарытарнае кіраванне апісваецца як гарантыя спакою і прагматызму.

Аль-Джазіра служыць адзінай крыніцай для спрэчнага сцвярджэння на Грокіпедыі. Скрыншот сайта

Мінск, паводле Грокіпедыі, захаваў «устойлівую стабільнасць пры цэнтралізаваным кіраванні прэзідэнта Лукашэнкі», а рэпрэсіі 2020 года фактычна падаюцца як мера, што «аднавіла грамадскі парадак» — са спасылкай на Аль-Джазіру.

Нават у апісанні эканамічных наступстваў санкцый пераважае мова апраўдання: Беларусь «прыстасавалася, а не абрынулася», «пераарыентавалася на Расію», захавала «доўгатэрміновую прадказальнасць у кіраванні».

Вікіпедыя падае зусім па-іншаму. Яна не тлумачыць, чаму рэжым выстаяў, а паказвае, што адбылося: колькі людзей было затрымана, каго катавалі, каго прызналі палітвязнямі, што сказалі місіі АБСЕ і Amnesty International.

Калі Грокіпедыя гаворыць пра «забеспячэнне парадку» ў Мінску ў 2020 годзе, Вікіпедыя піша пра «масавыя парушэнні правоў чалавека» і «палітычна матываваныя арышты».

Трамп

Дональд Трамп. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images

У артыкуле пра Дональда Трампа ў Грокіпедыі бачна тое ж, што і ў выпадках з артыкулам пра Лукашэнку — імкненне выглядаць нейтральна, але пры гэтым інтэрпрэтаваць падзеі з пэўных палітычных пазіцый. Тэкст вельмі падрабязны, фактаграфічна насычаны і напісаны ў аналітычным ключы, але яго «нейтральнасць» мае выразны ўхіл у бок усхвалення Трампа і крытыкі дзяржаўнай сістэмы ЗША.

У адрозненне ад Вікіпедыі, якая будуе аповед праз паслядоўнасць фактаў, юрыдычныя фармулёўкі і спасылкі на крыніцы, Грокіпедыя прапануе версію, дзе Трамп — не толькі палітык, але сімвал канфлікту паміж «народам» і «элітай», дзе судовыя справы — гэта праявы «прававой вайны», выбары — адказ на «медыйны і інстытуцыйны перакос», а вяртанне Трампа да ўлады — вынік «антысістэмнага запыту».

У выніку атрымліваецца тэкст, які выглядае ўзважана і лагічна, але фактычна пераказвае кансерватыўную версію падзей пад выглядам аналізу. Калі Вікіпедыя пакідае чытачу магчымасць зрабіць высновы самастойна, то Грокіпедыя прапануе ўжо гатовую карціну.

Грокіпедыя падае матэрыялы ў аналітычнай, навуковападобнай і нібыта нейтральнай форме, але насамрэч — з дзяржаўна-рацыянальнага або кансерватыўнага пункту гледжання. Яна не адмаўляе фактаў, але тлумачыць іх праз прызму дзяржаўнай мэтазгоднасці. Вікіпедыя ж, наадварот, падае факты і цытуе ацэнкі з розных крыніц, не апраўдваючы дзеянні ўлады і пакідаючы высновы чытачу.

Грокіпедыя vs. Вікіпедыя

Мы звярнуліся да беларускіх вікіпедыстаў, каб яны выказалі сваё меркаванне пра Грокіпедыю, якая быццам бы мусіць замяніць Вікіпедыю.

Ілюстрацыйнае фота. Фота: Wikimedia Commons

«Першая версія Грокіпедыі выглядае менавіта так, як мы і чакалі. Гэта генератыўныя артыкулы без медыяфайлаў, відаць, праз абмежаванні аўтарскага права. Спасылкі толькі на анлайн-крыніцы, а магчымасці самастойна выправіць памылкі няма. Максімум, што можна зрабіць, гэта даслаць паведамленне пра памылку. Але як гэта працуе, хто правярае — рэдактары ці мадэль — незразумела», — тлумачыць адзін з беларускіх рэдактараў.

Паводле беларускіх вікіпедыстаў, хоць Грокіпедыя пакуль знаходзіцца на вельмі ранняй стадыі развіцця — гэта толькі версія v0.1, але яе тэхнічная рэалізацыя ўражвае.

Яны адзначаюць, што праект не столькі пагроза для Вікіпедыі, колькі выклік і матывацыя для яе, каб хутчэй укараняць тэхналогіі штучнага інтэлекту замест таго, каб супрацьстаяць ім.

«Асабліва перспектыўнай гэтая сістэма можа быць для малых моўных раздзелаў Вікіпедыі, дзе фізічна няма рэсурсаў абнаўляць артыкулы.

Не думаю, што беларуская версія Грокіпедыі з’явіцца ў блізкай перспектыве. Мінулі дзесяцігоддзі, але, нягледзячы на просьбы і гатоўнасць супольнасці перакласці інтэрфейс, беларуская мова не з’явілася нават у твітары. Сам Грок пакуль гаворыць крывой беларускай мовай, найгоршай сярод іншых моўных мадэляў, крытычна недастатковай для стварэння энцыклапедыі. Дый Маск ствараў гэты праект, відавочна, для ахопу ў першую чаргу аўдыторыі ЗША».

На думку вікіпедыстаў, для беларусаў праблемай стане тое, што Грокіпедыя спасылаецца выключна на англамоўныя анлайн-крыніцы, бо па беларускай тэматыцы выбар будзе вельмі абмежаваны і спецыфічны.

Беларускія рэдактары перакананыя, што па некаторых тэмах Грокіпедыя проста не зможа напісаць нічога, калі не скапіруе гатовы тэкст з Вікіпедыі. У іншых выпадках наратывы пра Беларусь будуць фарміравацца пераважна з гледзішча іншых нацый — праз іх англамоўныя медыя і даследаванні.

«Ёсць англійскія версіі ў сайтаў «Белсата» і «Радыё Свабоды», але няма ў найбуйнейшых незалежных выданняў кшталту «Люстэрка» ці «Нашай Нівы». Таму для Грокіпедыі асноўнымі крыніцамі пры стварэнні артыкулаў на беларускую тэму, хутчэй за ўсё, стануць дзяржаўная БелТА або замежныя ангажаваныя медыя як Аль-Джазіра, якія маюць англамоўныя версіі».

Чытайце таксама:

Ілан Маск запусціў «Грокіпедыю» — альтэрнатыву «Вікіпедыі»

Пасля рэпрэсій супраць рэдактараў беларускія раздзелы Вікіпедыі б'юць антырэкорды

На стварэнне расійскай альтэрнатывы Вікіпедыі патрацілі $25 мільёнаў, а на ліквідацыю патрацяць яшчэ амаль $4 мільёны

«Дзяржава лічыць, што ў гэтым праекце, як і ў ёй самой, ёсць начальнікі». Як жыве беларуская Вікіпедыя падчас рэпрэсій

Прапагандысты разганяюць фэйк пра выдаленне артыкула пра Хатынь у Вікіпедыі

Каментары да артыкула