Што сабой уяўляюць тыя метэазонды, якія прылятаюць з Беларусі ў Літву? Расказвае Бесараб
Метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі прывялі да таго, што Літва на месяц закрыла мяжу. Але што за яны? Распыталі навукоўца Сяргея Бесараба — аказалася, гэта яго ранейшае хобі.
Метэазонд з цыгарэтамі, які летам 2024 года прызямліўся проста ў пункце пропуску «Салечнікі» («Беняконі»). Фота: vsat.lrv.lt
Бесараб тлумачыць, што класічны метэазонд — гэта паветраны шар, які робяць з пругкага палімернага матэрыялу, часцей за ўсё з латэксу. Ён можа быць розны па памерах, ад паўметра да двух-трох метраў. Але ёсць і зонды без дна, зробленыя са звычайных пластыкаў, якія могуць быць памерам са стадыён і несці на сабе некалькі тон вагі.
У цяперашнім выпадку гаворка ідзе пра класічныя метэазонды:
«Гэтыя шарыкі напоўненыя лёгкім газам. Для гэтага абіраюць або вадарод, або гелій. Часцей за ўсё іх напаўняюць геліем, бо вадарод вельмі небяспечны, ён можа выбухнуць. Гелій такі ж лёгкі, як вадарод, але ён інэртны газ, не гарыць і ні з чым не ўзаемадзейнічае».
Метэазонды могуць каштаваць па-рознаму. Але Бесараб робіць выснову па фота, што ў Літву, хутчэй за ўсё, прылятаюць самыя танныя шары, зробленыя з латэксу. Яны здольныя падымацца да вышыні ў 30‑40 кіламетраў да больш разрэджаных пластоў атмасферы. Да шароў часта падвешваюць апаратуру, каб мераць тэмпературу, вільготнасць і іншыя метэаралагічныя параметры.
Калі шар запускаюць метэаролагі, ён звычайна нясе на сабе скрынку з пенапласту, дзе знаходзіцца мікраплата, акумулятар і тэрмарэзістар. Гэта аднаразовая рэч.
Паколькі такі зонд у тэорыі можа несці нейкія выбуховыя прылады і раскідваць іх у паветры, дзеянні літоўцаў па закрыцці аэрапорта можна зразумець:
«Па ўсіх вайсковых канонах літоўцы адрэагавалі максімальна правільна, без усякай дыпламатыі. З беларускага боку гэта, як кажуць, крок на дурня.
Каб запусціць метэазонд, трэба мець на гэта дазвол, рэгістраваць, дзе і калі ты яго запусціш, прапісаць, на якую вышыню ён падымецца. А калі ты пускаеш яго без дазволу, ты павінен разумець, што яго могуць знішчыць, а цябе могуць знайсці і аштрафаваць».
Метэазонды моцна перашкаджаюць радыёлакацыі, і авіядыспетчары мусяць праз гэтыя неапазнаныя лятучыя аб’екты адводзіць самалёты.
«У віленскім аэрапорце вельмі шмат рэйсаў, і ўявіце, якая мешаніна там атрымліваецца. На радары раптам з’яўляецца 10‑15 такіх неапазнаных аб’ектаў, і ты не разумееш, што гэта, ты бачыш толькі сігнатуру аб’екта».
Ці можна такія зонды збіваць? Паводле слоў Бесараба, гэта цалкам магчымая рэч, але ёсць адна праблема — выдаткі.
«Напрыклад, гэты шар каштуе $300, а ракета, якой яго будуць збіваць, каштуе мільён. То-бок з Беларусі дзясяткамі запускаюць тыя шары, а літоўцы будуць на тыя капейкавыя зонды траціць свае ракеты», — разважае навуковец.