Ініцыятыва MALDZIS выкупіла карту Беларусі Аркадзя Смоліча
Беларусы выкупілі ў прыватнага калекцыянера ў Польшчы першую беларускамоўную карту краіны.
Усе фота: Аліна Мазавец
Ініцыятыва MALDZIS выкупіла карту Беларусі, створаную Аркадзем Смолічам і надрукаваную ў Вільні ў 1919 годзе, паведамляе тэлеграм-канал праекта.
Гэта першая беларускамоўная карта нашай краіны. Яе аўтарам лічыцца адзін з бацькоў-заснавальнікаў БНР і першы прафесар геаграфіі ў БССР Аркадзь Смоліч.
«Гэтая карта ўнікальная тым, што на ёй адлюстраваная ўся тагачасная тэрыторыя пражывання беларусаў. Перад намі паўстае краіна, якая тэрытарыяльна пераўзыходзіць большасць еўрапейскіх дзяржаў, хоць па факце яна такой і не паўстала», — кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS.
Карта была набытая ў Польшчы ў прыватнага калекцыянера на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Дар’і Сліж і Іллі М.
У будучыні яна будзе перададзеная ў Клічаўскі краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка, паведамляе тэлеграм-канал праекта.
Акрамя таго MALDZIS у супрацы з выдавецтвам Gutenberg і студыяй Imago.by падрыхтаваў лімітаваную падарункавую копію карты Смоліча. Яе можна набыць на сайце выдавецтва Gutenberg у рамцы альбо з драўляным падвесам.
«За савецкім часам мапа Смоліча была забароненая, бо паказвала Беларусь як незалежную дзяржаву. Яна захавалася ў некалькіх асобніках і нам пашчасціла набыць адзін з іх. Мы радыя, што разам з партнёрамі даем магчымасць кожнаму чалавеку набыць копію і такім чынам вярнуць мапу да жыцця», — кажа Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы MALDZIS.