БЕЛ Ł РУС

Чым цяпер займаецца Надзея Каткавец

26.10.2025 / 18:13

Nashaniva.com

Чыноўніца, якая запомнілася развагамі пра «хаацічаскі сложаныя цэны», знайшла прымяненне свайму досведу. Каткавец расказала таксама пра сваіх сыноў і ўнукаў.

Надзея Каткавец. Скрыншот відэа СТБ

Цяпер Надзея Каткавец на пенсіі, але займаецца навуковай дзейнасцю. У Інстытуце сістэмных даследаванняў АПК Акадэміі навук яна аспірантка, збіраецца абараняць кандыдацкую дысертацыю па знешнеэканамічнай дзейнасці.

«Вельмі нават някепска атрымалася», — пахвалілася Каткавец дысертацыяй у кулінарнай перадачы на СТБ, куды былая чыноўніца прыйшла ў шубе гатаваць бліны з мачанкай.

У яе чацвёра сыноў.

«Андрэй інжынер-землеўпарадчык, Аляксей эканаміст па дробным прыватным бізнэсе. Віталь і Сяргей — інжынеры-механікі», — коратка расказала былая чыноўніца.

Дадала, што ў малодшага сына пяць гектараў зямлі, ён вырошчвае ў тым ліку дурніцы.

«Вельмі жорстка выхоўвала сыноў», — адзначыла Каткавец.

У яе таксама 9 унукаў (6 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі). Старэйшы з іх Дзмітрый скончыў БДАТУ на эканаміста-лагіста, але цяпер яго чакаюць з арміі. Паліна вучыцца на 3 курсе ва ўніверсітэце Гродна на ландшафтнага дызайнера. Марыя — у БДАТУ, на 2 курсе, абрала спецыяльнасць інжынера па ахове працы і тэхніцы бяспекі. Астатнія ўнукі Каткавец школьнікі ці яшчэ меншыя.

У былой чыноўніцы ёсць дом у Атоліне пад Мінскам. Каткавец адзначыла, што ў яе там стаіць руская печка. Палову дома займае сама Каткавец, а палову — старэйшы сын з сям'ёй.

Надзея Каткавец пачынала сваю працоўную дзейнасць у Шклоўскім раёне, у саўгасе «Гарадзец», дзе працаваў і Лукашэнка. Пазней была чыноўніцай, дарасла ў 2013‑м да намесніцы кіраўніка спраў Лукашэнкі (на гэтай пасадзе была да 2017-га). Пасля Каткавец стала старшынёй назіральнай рады Парытэтбанка, а з канца 2017-га працавала ў Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Апошнія гады (2022-2023) працавала ў рэгіянальных філіялах БНБК, пісала «Люстэрка». 

Чытайце таксама:

Надзея Каткавец стала топ-менеджарам беларуска-кіргізскай біятэхналагічнай карпарацыі

Звольнена легендарная Надзея Каткавец — тры феерычныя ВІДЭА з яе ўдзелам

Надзея Каткавец стала банкірам

Надзея Каткавец — пра трэнды і брэнды ВІДЭА

Каментары да артыкула