У Мінску запусцяць антынаркаманскі аўтобус. Пасажыраў будуць суправаджаць сілавікі
Незвычайны аўтобус выйдзе ў апошнія дні кастрычніка на маршрут № 43, па якім размешчана нямала ўстаноў адукацыі і прадпрыемстваў.
Аўтобус на маршруце № 43 «ДС «Дружная». Фота з сацсетак
Ён мусіць прыцягнуць увагу пасажыраў да праблемы наркаманіі сярод моладзі, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на мінскую міліцыю.
Тэматычна аформлены пасажырскі аўтобус МАЗ будзе курсіраваць з 27 па 31 кастрычніка ў рамках пілотнага праекта «Брэндаваны аўтобус», які запускае сталічная інспекцыя па справах непаўналетніх пры падтрымцы Мінгарвыканкама. Выбар маршруту № 43 «ДС «Дружная» — Сцяпянка» тлумачаць тым, што ўздоўж яго трасы знаходзіцца нямала ўстаноў адукацыі і прадпрыемстваў.
Падчас паездкі пасажыраў чакаюць кароткаметражныя фільмы і карысны аўдыякантэнт па прафілактыцы наркаманіі. Таксама прадугледжана магчымасць атрымаць кансультацыю ў спецыялістаў. Пасажыраў будуць суправаджаць прадстаўнікі сілавых органаў, сістэмы аховы здароўя і БРСМ.