БЕЛ Ł РУС

Чаму паліграф — не панацэя. Колькі агентаў ён бы выявіў у Каардынацыйнай радзе?

25.10.2025 / 17:21

Nashaniva.com

Сёння вакол неабходнасці праходзіць паліграф удзельнікам беларускай дэмакратычнай супольнасці ўзнікае ўсё больш спрэчак, асабліва на фоне гучных шпіёнскіх скандалаў. На першы погляд «дэтэктар хлусні» можа здавацца выратаваннем — але ў метаду ёсць вялікія хібы.

Праходжанне паліграфа. Фота: Global Polygraph Solutions

Сёння праходжанне паліграфа прапануюць або асобным палітычным дзеячам, якіх у нечым падазраюць, або цэлым дэмакратычным структурам — напрыклад, Каардынацыйнай радзе. Адмову ж прайсці паліграф часта ўспрымаюць як сведчанне пра магчымую супрацу з рэжымам.

Што такое паліграф

Паліграф — гэта прыстасаванне, якое адначасова вымярае некалькі фізіялагічных паказчыкаў: артэрыяльны ціск, пульс, дыханне і электраправоднасць скуры. Падчас тэсту чалавек адказвае на пытанні, і лічыцца, што калі ён хлусіць, то арганізм рэагуе хваляваннем, якое паліграф можа заўважыць.

Але не існуе ніводнай спецыфічнай фізіялагічнай рэакцыі, якая адназначна адпавядала б хлусні. Паліграф фіксуе толькі ўзбуджэнне нервовай сістэмы, якое можа быць выклікана чым заўгодна — страхам, стрэсам, сорамам, трывогай ці нават проста некамфортнай сітуацыяй.

У многіх развітых краін выкарыстанне паліграфа абмежавана або забаронена: ён не прымаецца як доказ у судзе і не можа выкарыстоўвацца пры найме на працу. Яго выкарыстанне парушае права не сведчыць супраць сябе, парушае прыватнасць і псіхалагічную бяспеку чалавека, а таксама мае недастатковую навуковую абгрунтаванасць.

Так, яшчэ ў 2003 годзе Нацыянальная акадэмія навук ЗША па даручэнні ўрада падрыхтавала вялікі 400‑старонкавы даклад, які сістэматызаваў усе даступныя даследаванні за папярэднія дзесяцігоддзі.

Праходжанне паліграфа. Фота: Consolidated Employers Organisation

Высновы аказаліся несуцяшальнымі для прыхільнікаў паліграфа: з 80 даследаванняў, на якія яны спасылаліся як на доказ яго эфектыўнасці, 57 аказаліся метадалагічна слабыя — з няякаснымі выбаркамі, прадузятасцю і відавочнымі канфліктамі інтарэсаў.

У некаторых выпадках дакладнасць паліграфа не перавышае 60—70%.

Яшчэ адна, не менш важная выснова таго ж дакладу: паліграф прынцыпова не працуе, калі яго выкарыстоўваюць не для расследавання канкрэтнага злачынства, а проста каб адсеяць «ненадзейных» супрацоўнікаў. Прычына простая — у такіх выпадках няма выразнай падзеі або факта, пра які чалавек можа хлусіць. Фізіялагічныя рэакцыі ў такіх сітуацыях звязаныя не з хлуснёй, а з натуральным хваляваннем, страхам страціць працу або выглядаць вінаватым, нават калі чалавек цалкам невінаваты.

Адно з апошніх і найбольш значных даследаванняў па гэтай тэме, якое было апублікаванае ў канцы 2020 года, — вялікі метааналіз, гэта значыць, абагульненне ўсіх вядомых навуковых прац пра тое, наколькі дакладна працуе паліграф паводле методыкі Comparison Question Test (CQT) — самай распаўсюджанай формы «дэтэктара хлусні», якую выкарыстоўваюць у крыміналістыцы і сферы бяспекі.

Аўтары (двое з траіх — практыкуючыя паліграфолагі) сабралі і прааналізавалі даныя з больш як ста даследаванняў, у якіх агулам удзельнічала больш за 11 тысяч чалавек. Каэфіцыент сувязі паміж вынікамі паліграфа і тым, ці чалавек сапраўды хлусіў, склаў 0,69 (ідэальнае адрозненне хлусні ад праўды — гэта 1,0). Калі выпадковасць адпавядае 50% дакладнасці (падкідванне манеткі), а ідэальны вынік — 100%, то, згодна з метааналізам, сярэдняя дакладнасць паліграфа складае каля 85%.

Яны таксама праверылі, што гэтая дакладнасць прыблізна такая ж у лабараторыі і ў рэальных умовах, і толькі крыху вышэйшая, калі чалавек мае моцную матывацыю, напрыклад, калі на кану яго свабода або праца.

Лічба ўнушае давер: паліграф, здаецца, сапраўды працуе — у большасці выпадкаў ён вызначае хлусню правільна.

Але ў астатніх 15% выпадкаў ён памыляецца. На паперы гэта можа здавацца дробяззю, калі гаворка ідзе пра статыстыку. Аднак калі перанесці гэтыя працэнты на рэальных людзей, карціна выглядае зусім інакш — кожная памылка ператвараецца ў зламанае жыццё і сапсаваную рэпутацыю.

Ці можна вылічыць агентуру ў Каардынацыйнай радзе?

Беларускі псіхіятр Уладзімір Пікірэня паспрабаваў паглядзець, што будзе, калі прымяніць гэтыя абагуленыя лічбы да складу Каардынацыйнай рады 3‑га склікання — іншымі словамі, што адбылося б, калі б усіх дэлегатаў прымусілі прайсці паліграф у пошуках «ненадзейных» асоб.

Ён прапанаваў разгледзець некалькі сітуацый: калі сярод дэлегатаў ёсць 1 рэальны агент, калі 10% складу агенты і калі агентамі з'яўляецца палова складу.

Удзельнікі канферэнцыі «Новая Беларусь». Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай.

Мы паўторым гэты мысленны эксперымент, але возьмем актуальную колькасць членаў Каардынацыйнай рады — 77 чалавек, і разгледзім некалькі сітуацый: калі сярод дэлегатаў ёсць 1 рэальны агент, 8 агентаў (прыкладна 10%) і калі агентаў палова складу — 38 чалавекі. У ім мы скарыстаемся больш дакладнымі паказчыкамі з медыяннай выбаркі метааналізу. 

Ужо на гэтым этапе бачна, што паліграф істотна радзей «верыць» невінаватым, чым можна было б меркаваць.

Вынікі паліграфа ў варыянце, калі сярод дэлегатаў толькі адзін агент. Фота: Наша Ніва

1) 1 агент, 76 невінаватых

Вынікі паліграфа ў варыянце, калі кожны дзясяты з дэлегатаў з'яўляюцца агентам. Фота: Наша Ніва

2) 8 агентаў (≈10%), 69 невінаватых

Вынікі паліграфа ў варыянце, калі палова дэлегатаў з'яўляюцца агентам. Фота: Наша Ніва

3) 38 агенты (палова), 39 невінаватых

Цёмны бок паліграфа

Гэтыя разлікі паказваюць цёмны бок паліграфа. Магчыма, як у першым сцэнары, удасца вылічыць таго самага агента, але разам з ім трынаццаць невінаватых людзей будуць памылкова абвінавачаныя ў тым, да чаго яны не маюць ніякага дачынення. Яшчэ чатырнаццаць атрымаюць «нявызначаны» вынік і апынуцца пад падазрэннем у супрацоўніцтве з рэжымам.

У выніку 27 невінаватых чалавек могуць пацярпець, каб вылічыць усяго аднаго агента. І гэта яшчэ пры ўмове, што паліграф праводзяць цалкам непрадузятыя людзі.

І чым больш сапраўдных агентаў, тым больш з іх застануцца нявыяўленымі, нават калі ўсе пройдуць паліграф. У апошнім сцэнары колькасць агентаў, якіх паліграф не выявіў, роўная колькасці невінаватых, памылкова абвінавачаных у супрацоўніцтве з рэжымам — і там, і там па сем чалавек.

На практыцы ў памылкова абвінавачаных людзей амаль няма магчымасці апраўдацца, як калі б іх абвінавачвалі па сапраўдных доказах у судзе. Вынікі паліграфу падаюцца як неабвержныя і супраць іх няма да чаго апеляваць. І калі чалавек добраахвотна пагаджаецца на працэдуру і публікацыю вынікаў, ён фактычна сам пазбаўляе сябе магчымасці аспрэчыць абвінавачанне — нават калі паліграф памыліўся ці паказаў нявызначаны вынік.

Ці паклічуць такога чалавека на наступныя выбары ў Каардынацыйную раду, на працу ў апазіцыйныя структуры, у фонды, медыя — або хаця б на нейкае мерапрыемства? Наўрад ці. Такія пагалоўныя скрынінгі, без важкіх доказаў віны, могуць даць ілюзію бяспекі і паглыбіць раскол і недавер.

Чытайце таксама:

Мельнікава двойчы была на паліграфе. Першы раз расплакалася і ўцякла

Каментары да артыкула