Вярхоўны суд Латвіі прызнаў неабгрунтаваным пазбаўленне ДНЖ беларуса, былога міліцыянта
Былога супрацоўніка МУС Беларусі, які доўгі час пражывае ў Латвіі, яго жонка —— грамадзянка Латвіі, яны разам выхоўваюць двух непаўналетніх дзяцей, якія таксама з'яўляюцца грамадзянамі Латвіі, меліся прызнаць пагрозай нацыянальнай бяспецы.
Вярхоўны суд Латвіі. Фота: at.gov.lv
Дэпартамент па адміністрацыйных справах Сената Вярхоўнага суда Латвіі пакінуў у сіле рашэнне, якое адмяніла ануляванне часовага дазволу на жыхарства грамадзяніна Беларусі. Суд прызнаў рашэнне аб пазбаўленні ДНЖ непрапарцыйным, піша Reform.
Раней Упраўленне па справах грамадзянства і міграцыі анулявала ДНЖ заяўніка, які ў мінулым быў супрацоўнікам унутраных органаў Беларусі. Гэта было зроблена на падставе заключэння Службы дзяржаўнай бяспекі Латвіі аб тым, што беларус можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы.
Грамадзянін Беларусі аспрэчыў ануляванне ў судзе, спасылаючыся на парушэнне прынцыпу суразмернасці. Ён паказаў, што доўгі час жыве ў Латвіі, стварыў сям'ю з грамадзянкай Латвіі і выхоўвае двух непаўналетніх дзяцей, якія таксама з'яўляюцца грамадзянамі краіны. Ягоны іск быў задаволены ўжо ў першай і апеляцыйнай інстанцыях.
Вярхоўны суд пагадзіўся з акруговым судом, што рашэнне было непрапарцыйным.
Нягледзячы на тое, што Закон аб іміграцыі прадугледжвае абавязковае ануляванне ДНЖ у такіх выпадках, Сенат падкрэсліў, што важна ацэньваць суразмернасць адміністрацыйных актаў, калі яны закранаюць асноўныя правы чалавека.
Суд прыйшоў да высновы, што грамадская карысць ад уведзенага абмежавання не пераважвае шкоду, прычыненую прыватнаму і сямейнаму жыццю беларуса ануляваннем ДНЖ.