Беларус прадае слоік мёду за 1500 рублёў. За што такія грошы
Гандаль магчымы толькі ў бок павелічэння цаны прадукта.
На вядомай інтэрнэт-пляцоўцы размешчана чарговая аб'ява аб продажы ежы. Да рэалізацыі прапануюць слоік мёду. Аб'ём тары — тры літры, але мёду ў ім менш, піша Blizko.
Аўтар аб'явы, якая была размешчана ў апошні дзень жніўня, справядліва называе свой тавар «золатам пчол». Што ж у ім асаблівага?
Гэта ўзрост. Прадавец і сам да канца не ўпэўнены, колькі гадоў гэтаму мёду. «Стаяў гадоў дваццаць. Можа нават больш гадоў на пяць», — сцвярджае ён. І дадае, што самаму старому мёду на зямлі — 5 тысяч гадоў.
Прадавец мяркуе, што ягоны тавар можа зацікавіць калекцыянераў мёду. Цана будзе карэктавацца толькі ў бок павелічэння, з крокам у 10% ад першапачатковага кошту. Цана гэтага слоіка мёду — 1500 беларускіх рублёў. Ахвотных набыць яго пакуль не знайшлося.