Сілавікі масава затрымліваюць удзельнікаў конкурсу гомельскага трэш-блогера
Тым часам да конкурсу Mellstroy актыўна далучыўся нават тыктокер-ябацька.
Трэш-блогер Mellstroy. Фота з яго інстаграма
Блогер Mellstroy — гэта ўраджэнец Гомеля Андрэй Бурым. Скандальную вядомасць ён атрымаў у 2020 годзе, калі падчас аднаго са сваіх стрымаў збіў дзяўчыну. Пасля гэтага на Бурыма завялі крымінальную справу. У выніку яму прызначылі паўгода выпраўленчых работ і штраф. Перыядычна Бурыма абвяшчаюць у вышук у Беларусі і Расіі, тады блогер хаваецца недзе за мяжой.
Цяпер Mellstroy мае 3,6 мільёна падпісчыкаў у тыктоку і 3 мільёны ў інстаграме.
Некалькі дзён таму блогер абвясціў конурс крэатыўных відэа ў тыктоку — заклікаў піярыць свой праект Mellstroy.game. Абяцаў цягам месяца штодзень набываць кватэру тыктокеру, відэа якога больш за ўсё яму спадабаецца.
Пасля гэтага ў тыктоку пачалося нейкае шаленства. Людзі малююць назву праекта на зубах, робяць татуіроўкі, размалёўваюць пашпарты…
Ужо нямала беларусаў далучылася да чэленджу. Напрыклад, супрацоўнік МНС з Гродна здымацца ў відэа для трэш-блогера паклікаў пажарную брыгаду.
Праўладны блогер ПалВаныч, які марыць узяць інтэрв’ю ў міністра інфармацыі Марата Маркава, таксама запісаў некалькі ролікаў з неабходным хэштэгам. У каментарыях пачалі абурацца, што ён рэкламуе казіно.
Нехта дадаў неабходны надпіс на ролік БТ.
Хлопец з Гомеля размаляваў свой пашпарт.
Уважліва сочаць за конкурсам і беларускія сілавікі.
Сталічная міліцыя ўжо паведаміла, што затрымала некаторых тыктокераў. Напрыклад, хлопца, які прайшоўся з плакатам з надпісам Mellstroy.game па Нямізе, ці дзяўчыну з аналагічным плакатам у метро. Усё гэта палічылі несанкцыянаваным пікетаваннем.
Скрыншот відэа
Начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Гарохаў папярэдзіў, што ва ўсіх, хто займаецца такой рэкламай, будуць праблемы.
Дарэчы, Mellstroy не ўпершыню падбівае людзей рабіць дзіўныя ўчынкі, абяцаючы шмат грошай.
Напрыклад, летась школьнік з Літвы папрасіў прэзідэнта краіны павіншаваць любімага блогера — бо Mellstroy абяцаў за віншаванне ад прэзідэнта любой краіны 2 мільёны даляраў. Гітанас Наўседа, які, напэўна, не арыентуецца ў трэш-блогерах, не адмовіў дзіцяці. У выніку Mellstroy, канешне, грошай хлопцу не перавёў.
А ў Лондане летась 16‑гадовы падлетак выбег на поле перад фіналам Лігі чэмпіёнаў «Рэал» Мадрыд — «Барусія» Дортмунд на стадыёне «Уэмблі» ў Лондане за абяцаныя беларускім блогерам 300 000 фунтаў стэрлінгаў (386 500 даляраў).
Падлетак не толькі не атрымаў грошы, але і трапіў у паліцыю. Хлопца прысудзілі да ўмоўнага тэрміну на шэсць месяцаў і абавязалі выплаціць унёсак на пакрыццё судовых выдаткаў.
Чытайце таксама:
Беларускі трэш-стрымер Mellstroy арандаваў раскошны дом у Кіпры за $500 тысяч на год
Блогеру Мэлстрою адправілі позву на допыт у пасольства Расіі ў Чарнагорыі