БЕЛ Ł РУС

«Захоўвайце ціск на рэжым і падтрымлівайце наш народ». Тэкст выступу Ціханоўскай у Еўрапарламенце

22.10.2025 / 14:29

Nashaniva.com

«Пакуль ЗША сканцэнтраваны на гуманітарным трэку — на вызваленні людзей і спыненні рэпрэсій — я заклікаю Еўрапейскі саюз заставацца цвёрдым і прынцыповым. Няхай санкцыі ЗША служаць для выратавання жыццяў людзей. Але санкцыі ЕС павінны быць накіраваны на сістэмныя, незваротныя змены», — прамовіла Ціханоўская.

Скрыншот трансляцыі выступлення Святланы Ціханоўскай у Еўрапарламенце

Сёння ў Страсбургу Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай перад дэпутатамі Еўрапейскага парламента падчас Пленарнай сесіі разам з Сяргеем Ціханоўскім. 

На пачатку прамовы Ціханоўская падзякавала тым, хто падтрымаў намінацыю Анджэя Пачобута на прэмію Сахарава (ёй сёлета ўганаравалі Пачобута і грузінскую журналістку Мзію Амаглабелі).

«Анджэй сапраўды гэтага заслугоўвае. Анджэй, польска-беларускі журналіст, стаў сімвалам супраціву і асабістым ворагам дыктатара.

Перад тым, як пачуць свой прысуд — 8 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму — ён сказаў: «Я іду ў турму са спакойным сумленнем… Я заўсёды ведаў, што калі ў Беларусь прыйдуць такія часы, я апынуся ў турме».

Прысуджэнне прэміі Сахарава Анджэю і бясстрашнай Мзіі Амаглабелі з Грузіі пасылае моцны сігнал усім палітычным зняволеным: вы не адны, і журналістыка — гэта не злачынства.

Як аднойчы сказала нямецкі парламентарый Мануэла Ротман: «Сёння героі не ў кіно — героі ў турмах». І Анджэй і Мзія — сярод іх», — сказала Ціханоўская.

Пасля яна звярнулася да старшыні Еўрапарламента Раберты Метсола.

«Я не ведаю, ці памятаеце вы, але пяць гадоў таму, у тыя дні нашай мірнай рэвалюцыі, вы былі адным з першых лідараў, з якімі я сустрэлася.

Мы толькі што перамаглі на выбарах — а дзясяткі тысяч ужо былі затрыманыя.

Тады вы сказалі мне: «Не здавайцеся. Працягвайце змагацца, нягледзячы ні на што. Мы заўсёды будзем тут для вас». І вы стрымалі сваё абяцанне.

З самага першага дня Еўрапейскі парламент быў на нашым баку.

Пакуль урады вагаліся, вы дзейнічалі — асуджаючы фальшывую легітымнасць Лукашэнкі, заклікаючы да санкцый, спрыяючы візам і магчымасцям для беларусаў.

Разам мы падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Еўрапейскім парламентам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі — паказваючы, што законнае месца Беларусі тут, у ЕС.

Вы зрабілі смелыя, неардынарныя крокі, якія будуць памятаць у падручніках гісторыі».

Лідарка дэмакратычных сіл падзякавала таксама парламентарыям, якія нагадваюць пра палітвязняў, далучаюцца да акцый салідарнасці, абараняюць права Беларусі на самавызначэнне. 

«Таксама я хачу адзначыць Літву і Польшчу, нашых найбліжэйшых суседзяў і саюзнікаў, якія цвёрда супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі, падтрымліваюць наш рух і працягваюць прымаць беларусаў, якія ўцякаюць ад тэрору.

І, вядома, вялікі дзякуй Еўрапейскай камісіі, у прыватнасці прэзідэнту Урсуле Фон дэр Ляен, камісару Марце Кос і высокаму прадстаўніку Каі Калас — за іх нязменную падтрымку беларускіх СМІ, грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў — і за абяцанне плана на 3 мільярды еўра, які мы будзем рэалізоўваць пасля дэмакратычных перамен.

Перамены могуць прыйсці не за адзін дзень — але я ведаю, што яны прыйдуць.

Сёння мы будуем рэйкі гэтых перамен, каб аднойчы мы змаглі паставіць Беларусь на правільны шлях — еўрапейскі шлях — які ніякая Расія і ніякі Лукашэнка не змогуць больш заблакаваць.

І так, я веру, што Беларусь будзе гісторыяй поспеху, і мы ўсе напішам гэтую гісторыю разам».

Ціханоўская адзначыла, што пяць гадоў прыходзіла ў гэтую залу з партрэтам свайго мужа.

«Ён быў у турме Лукашэнкі — ізаляваны, галодны, пазбаўлены голасу.

Тры месяцы таму, калі я ўбачыла яго ўпершыню, я ледзь пазнала яго. Ён схуднеў на шэсцьдзесят кілаграмаў — і выглядаў так, нібыта вярнуўся з ГУЛАГу.

Але ведаеце што? На наступную раніцу ён сказаў мне: «Цяпер давайце брацца за працу».

У гэтым і ёсць сутнасць Беларусі — збітай, знясіленай, але ніколі не зламанай.

Сяргей прынёс новую энергію і сілу нашаму руху. Ён таксама даганяе новую рэальнасць. Пакуль ён быў за кратамі, ён прапусціў нашыя натхняльныя пратэсты, міграцыйны крызіс, жорсткія рэпрэсіі, пачатак вайны. Ён нават прапусціў сваю ўласную цырымонію ўручэння прэміі Сахарава.

Цяпер ён жартуе, што, паколькі яго жонка — прэзідэнт, ён — «першы джэнтльмен».

Вядома, вызваленне Сяргея — мая асабістая радасць. Але я не магу цалкам радавацца, пакуль тысячы сем'яў застаюцца падзеленымі. Пакуль Алесь Бяляцкі не можа пацалаваць сваю жонку.

Пакуль наша адважная Маша — Марыя Калеснікава — не можа абняць свайго бацьку.

Пакуль жонкі пішуць лісты ў нікуды. Пакуль дзеці засынаюць без калыханкі бацькоў.

Вызваленне Сяргея не было цудам. Ён вольны дзякуючы вам — вашым словам, вашаму ціску, вашай салідарнасці.

Менавіта вы ўсе гэтыя гады працягвалі змагацца за Сяргея і за ўсіх палітычных зняволеных. Яго вызваленне даказала, што ўсё магчыма — калі мы смелыя, паслядоўныя і цярплівыя.

І гэта быў сумесны вынік: сінэргія еўрапейскага ціску і амерыканскай дыпламатыі.

Тут я хачу адзначыць прэзідэнта Трампа і яго каманду — гэта была выдатная гуманітарная аперацыя, якая выратавала 70 жыццяў.

Цяпер прэзідэнт Трамп пайшоў далей. Ён запатрабаваў ад Лукашэнкі вызвалення ўсіх 1300 палітычных закладнікаў — студэнтаў, настаўнікаў, дактароў, рабочых заводаў, журналістаў.

Мы ўсе молімся, каб хутка ўбачыць больш свабодных людзей, у тым ліку нашага агульнага героя Анджэя Пачобута.

Аднак, давайце не будзем падманутыя так званай «гуманнасцю» Лукашэнкі. Давайце не будзем наіўнымі. Ён вызваляе шэсцьдзесят — і неадкладна арыштоўвае сто дваццаць. Гэта як карусель.

Нават тыя, каго «памілавалі», не цалкам свабодныя: дэпартаваныя без дакументаў, у кайданках, з мяшком на галаве. Іхнія сем'і, якія засталіся ў Беларусі, пераследуюцца КДБ.

Тых, хто адмаўляецца з'ехаць — як Мікола Статкевіч, лідар беларускіх сацыял-дэмакратаў — кідаюць назад у турму.

Для Лукашэнкі людзі — не больш чым прадмет гандлю. Ён хоча зняцця санкцый, ён хоча легітымізацыі, ён марыць пра вяртанне да «звычайнага вядзення спраў». Але мы бачылі гэты фільм раней — тое ж самае шоу на працягу трыццаці гадоў. І мы ўсе ведаем, чым гэта заканчваецца.

Рэпрэсіі працягваюцца не таму, што рэжым моцны — а таму, што ён слабы. Таму што людзі ім пагарджаюць. Дыктатар ведае: у той момант, калі рэпрэсіі спыняцца, беларусы зноў падымуцца.

І так — санкцыі працуюць, незалежна ад таго, што кажуць апалагеты рэжыму. Мы гэта ўжо бачым: санкцыі прымушаюць рэжым ісці на саступкі, вызваляць людзей.

Эканоміка рэжыму стагніруе, дэфіцыт працягвае расці. Ён выжывае ў асноўным за кошт ваенных кантрактаў з Расіяй. Вось чаму цяпер не час паслабляць ціск — час націснуць мацней і патрабаваць больш».

@nashanivanews «У нас ёсць план, як стаць наступнай Фінляндыяй Усходняй Еўропы. У вас ёсць прылады, рэсурсы і моц, каб гэта ажыццявіць. Цяпер справа за вамі, Еўропа. Не падвядзі нас! Не так, як у мінулы раз. Жыве Беларусь!» Сяргей Ціханоўскі скончыў свой выступ у Еўрапарламенце. Дэпутаты апладзіравалі былому палітвязню стоячы. #нашаніва #тихановская #тихановский #беларусьновости #мова ♬ mirage - théos & Antent

Ціханоўская прапанавала двухбаковы падыход.

«Пакуль ЗША сканцэнтраваныя на гуманітарным трэку — на вызваленні людзей і спыненні рэпрэсій — я заклікаю Еўрапейскі саюз заставацца цвёрдым і прынцыповым.

Няхай санкцыі ЗША служаць для выратавання жыццяў людзей. Але санкцыі ЕС павінны быць накіраваны на сістэмныя, незваротныя змены.

Трымайце ціск — пакуль рэжым не спыніць саджаць сваіх людзей, не спыніць шантажаваць Еўропу мігрантамі, не спыніць узбройваць вайну Расіі, і пакуль Беларусь не пачне шлях да дэмакратыі.

Вашы карты мацнейшыя — і трымайце іх да патрэбнага моманту.

Не будзьце наіўнымі: Лукашэнка ніколі не зменіцца сам. Але краіна вакол яго — ужо змянілася.

Большасць беларусаў выбрала мір, дэмакратыю і еўрапейскую будучыню. І гэтая будучыня немагчымая — пакуль Лукашэнка застаецца пры ўладзе.

Нават тыя, хто вакол яго, наменклатура, шэпчуць пра транзіт. Усе разумеюць: перамены непазбежныя.

Многія калісьці верылі, што Берлінская сцяна будзе стаяць вечна, як некаторыя цяпер вераць, што дыктатура ў Беларусі ніколі не падзе. Але яна падзе. Час дыктатара мінае. Лукашэнка становіцца «кульгавай качкай».

Вось да чаго мы павінны рыхтавацца — да Беларусі пасля Лукашэнкі.

Мы павінны пераканацца, што не толькі Беларусь гатовая — але што Еўропа гатовая, калі прыйдзе гэты момант.

Для гэтага мы павінны падтрымліваць праеўрапейскі дух унутры краіны:

— праз больш кантактаў, абменаў і віз для звычайных беларусаў; адкрытыя межы, культурныя ініцыятывы, якія ўмацоўваюць нацыянальную ідэнтычнасць;

— праз больш моцную падтрымку незалежных СМІ, такіх як нашы вядучыя выданні «Люстэрка», «Белсат», «Наша Ніва» ці «Радыё Свабода», якія дасягаюць мільёнаў унутры Беларусі;

— праз умацаванне нашых дэмакратычных інстытутаў, гатовых узяць на сябе адказнасць, калі адчыніцца акно магчымасцей.

Мы ўжо распрацавалі набор рэформ — наш уласны еўрапейскі план — каб гарантаваць, што Беларусь рухаецца да дэмакратыі і прадухіліць захоп Расіяй.

Але першае, што нам трэба, — гэта свабодныя і справядлівыя выбары. І дазвольце нагадаць: пяць гадоў таму мы ўжо перамаглі на выбарах! — з пераважнай большасцю. І будзьце ўпэўненыя, мы пераможам зноў.

Але перш за ўсё, адно мае першараднае значэнне: Украіна павінна перамагчы.

Мы захапляемся прэзідэнтам Зяленскім і адвагай украінскага народа — яны змагаюцца не толькі за сваю зямлю, яны змагаюцца за ўсіх нас.

Поспех Украіны адкрые шлях для ўсіх нашых народаў, якія жывуць у цені імперыі — не толькі для Беларусі, але і для Арменіі, Грузіі і Малдовы.

Мы, беларусы, стаім з Украінай не толькі словамі, але і справамі.

Сярод нашых палітычных зняволеных ёсць сотні герояў, асуджаных за салідарнасць з Украінай, сабатаж расійскіх войскаў і абмен інфармацыяй.

Пакуль мы гаворым, беларускія добраахвотнікі з Палка Каліноўскага змагаюцца плячо ў плячо з украінцамі на перадавой.

І яны прасілі мяне перадаць паведамленне — тое самае, што я пачула ад Раберты пяць гадоў таму: «Не здавайцеся, Еўропа».

Калі Украіна моцная, Еўропа аб'яднаная, а Расія аслабленая — перамены ў Беларусі стануць толькі пытаннем часу. І гэтыя перамены могуць выклікаць перамены і ў Расіі».

Ціханоўская заклікала:

«Дайце Украіне ўсё, што ёй трэба, не проста каб вытрымаць, а каб перамагчы.

Я заклікаю вас — аслабце Пуціна, уводзячы санкцыі на яго даходы ад нафты і канфіскуючы яго актывы. Чым слабейшая Расія, тым слабейшы Лукашэнка.

Я заклікаю вас — прыцягніце злачынцаў да адказнасці: не толькі Пуціна, але і Лукашэнку з яго паплечнікамі. Падтрымайце зварот Літвы ў МУС па злачынствах супраць чалавечнасці. Ніколі раней мы не былі так блізка да адкрыцця справы.

І, захоўваючы ціск на рэжым, падтрымлівайце наш народ — тых, хто ў краіне, а таксама ў выгнанні. Тысячы беларусаў у ЕС становяцца фактычна асобамі без грамадзянства, без дакументаў, і сутыкаюцца з транснацыянальнымі рэпрэсіямі.

Інвестуйце ў людзей, а не ў дыктатараў. Таму што адна толькі ваенная моц нічога не значыць без людзей, гатовых абараняць свае каштоўнасці.

Я заклікаю вас: глядзіце на Беларусь не толькі як на пагрозу, але і як на магчымасць — змяніць статус-кво і аслабіць прысутнасць Расіі на вашым усходнім флангу.

Не бойцеся дыктатараў — давайце прымусім іх баяцца».

Напрыканцы Ціханоўская звярнулася па-беларуску да тых беларусаў, хто глядзеў яе анлайн:

«Дарагія беларусы — і тыя, хто ў краіне, і тыя, хто выехаў. Ніколі не губляйце надзею. Ніколі не здавайцеся. І не здраджвайце сваім прынцыпам. Як казаў Алесь Бяляцкі: «Я веру, бо ведаю, што мінае ноч і надыходзіць ранак. Я ведаю, што нас няўтомна штурхае наперад — гэта надзея і мара». 

Калі мы разам, калі верым, калі працуем дзеля пераменаў — мы ўсё адолеем».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула