БЕЛ Ł РУС

«Недахоп кіроўцаў жахлівы. Выязджаюць, бо ў Беларусі вельмі нізкі ўзровень жыцця». На СТБ прарваўся крык душы

22.10.2025 / 11:41

Nashaniva.com

Старшыня Асацыяцыі прафесійных перавозчыкаў пасажыраў агучыла прычыну трагедый на дарогах. Прапагандыстам гэта не спадабалася.

У ток-шоу на СТБ абмяркоўвалі апошнія гучныя ДТЗ з удзелам маршрутак.

«Усё, што мы цяпер гаворым — пра ДТЗ, якое адбылося пад Смалявічамі, у Светлагорску, прышпілены ці не прышпілены пасажыры, перавозка пасажыраў звыш нормы, — гэта ўсё наступствы. (…) 

На нас, перавозчыкаў, можна колькі заўгодна ўскладаць адказнасць, аднак калі ў нас не адновіцца працоўны рэсурс кіроўцаў, недахоп якіх цяпер проста жахлівы, калі мы не прыдумаем на ўзроўні дзяржавы, заканадаўцаў, кіраўніка дзяржавы, Адміністрацыі прэзідэнта, калі ў нас не будзе гэтых мер, то нас хутка хто будзе вазіць? Праграмісты?» —

выказалася пра набалелае старшыня Асацыяцыі прафесійных перавозчыкаў пасажыраў «АППП» Кацярына Станкевіч.

«Чаму адным нейкія льготы прадастаўляюцца, а тым, хто з’яўляецца самым важным, адказным звяном пры перавозцы пасажыраў, у нас гэтага нічога няма.

Недахоп кіроўцаў страшнейшы. Кваліфікацыя падае ўсюды — гэта і пасажырскія перавозкі, гэта і грузавыя перавозкі», —

працягнула Станкевіч і паспрабавала назваць дзве прычыны:

«Выязджаюць па доўгі рубель. У Беларусі ў нас вельмі нізкі ўзровень жыцця. Ну і заробак адпаведна».

Аднак працягнуць ёй не далі вядучыя, якія запратэставалі. Кірыл Казакоў заўважыў, што бачыў абвестку, у якой было пазначана, што заробак кіроўцы — 4000 рублёў.

Кірыл Казакоў (справа) спрабуе спыніць Кацярыну Станкевіч (злева). Скрын відэа: CTVBYvideo / YouTube

«Калі вы мне скажаце, што 4000 рублёў у Мінску — гэта маленькі заробак, не», — выказаў свой погляд Казакоў.

«Для параўнання — Еўропа. Ад дзвюх з паловай тысяч еўра», — паспрабавала давесці Станкевіч. Аднак Казакоў яе спыніў і стаў расказваць пра тое, як добра працуе грамадскі транспарт у сталіцы.

Чытайце таксама:

ДАІ ўводзіць узмоцнены кантроль па ўсёй краіне — пасля страшнай аварыі пад Светлагорскам

ДАІ прапануе ўвесці аўтобусы з большай умяшчальнасцю замест невялікіх маршрутак у Беларусі

Працаваць у Расіі ці Еўропе? Параўноўваюць дальнабоі 

Каментары да артыкула