Пад Барысавам прайшлі вучэнні — рыхтаваліся да вайны ФОТЫ
На палігоне пад Барысавам прайшлі комплексныя вучэнні, мэтай якіх было прадэманстраваць гатоўнасць структур грамадзянскай абароны да дзеянняў ва ўмовах ваеннага часу.
Падчас вучэнняў адпрацавалі дзеянні па шэрагу надзвычайных сітуацый: тушылі пажар на энергетычным аб’екце; ліквідавалі наступствы дыверсіі на помпавай станцыі, што выклікала праблемы з ацяпленнем і электразабеспячэннем; разбіралі завалы разбуранага будынка; ліквідавалі ўдары па газаправодзе, тушылі нафтапрадукты; трэніраваліся эвакуіраваць людзей з небяспечных раёнаў і прымалі іх на новым месцы і інш.
Як пракаментаваў вынікі вучэнняў дзяржсакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, «трэба быць гатовымі да любога развіцця сітуацыі. А гэта дасягаецца толькі трэніроўкамі ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных».