Пагрозы жыццю няма — у бальніцы пракаментавалі стан пяцікласніка, які выпаў з акна ў Жодзіне
У Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы пракаментавалі стан дзіцяці, якое на мінулым тыдні выпала з акна школы ў Жодзіне, піша «Мінская праўда».
— Уся медыцынская дапамога пацярпеламу была аказана своечасова і ў поўным аб’ёме з выездам на месца спецыялістаў рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Нам удалося стабілізаваць стан хлопчыка, і для далейшага лячэння ён быў пераведзены ў Мінскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу, — распавёў галоўны доктар Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Дзмітрый Зайцаў.
Пакуль хлопчык знаходзіцца на апараце ШВЛ, бо прысутнічае чэрапна-мазгавая траўма. Праведзены кансультацыі з нейрахірургамі РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, з імі ўзгоднена тактыка далейшага лячэння. Праводзіцца нейрапратэктарная тэрапія. Сцягно пацыента зафіксавана гіпсавай павязкай.
— Прагнозы будаваць пакуль рана, але сітуацыя стабільная. Непасрэднай пагрозы жыццю няма. Праводзяцца ўсе мерапрыемствы лячэбнага, дыягнастычнага плану, — адзначыў Дзмітрый Зайцаў.
Чытайце таксама:
«У бальніцы ў цяжкім стане». Падрабязнасці пра выпадак у Жодзіне, дзе вучань выпаў з акна школы