БЕЛ Ł РУС

Беларускі фермер паказаў, як збірае ўраджай. Народ у захапленні — відэа збіраюць мільёны праглядаў

20.10.2025 / 15:1

Nashaniva.com

Пад некаторымі відэа шмат каментароў на англійскай.

Скрыншоты: nikolay_tarasevich / TikTok

Малады фермер з Брэсцкай вобласці Мікалай Тарасевіч паказвае ў тыктоку сваю працу. Відэа, як ён з дапамогай камбайна збірае ўраджай морквы, набрала больш за 42 мільёны праглядаў і больш за 13 тысяч каментароў. Адметна, што самыя папулярныя — на англійскай мове.

@nikolay_tarasevich

Комбайн копает.) без проблем))

♬ оригинальный звук - Николай

На відэа бачна, як камбайн акуратна выдзірае моркву з зямлі, аббівае рэшткі грунту, абрублівае зялёны маркоўнік і пасля выкідае ўраджай на зямлю. Праца тэхнікі заварожвае.

Многія ў каментарах пыталіся, чаму морква пасля збору застаецца на зямлі.

«Гэта было сапраўды эфектыўна, пакуль яны проста не кінулі яе на зямлю», — напісала карыстальніца тыктоку.

«А чаго на зямлю? Чаму не ў кузаў?» — спытаў яшчэ адзін каментатар.

Іншыя патлумачылі ім, што моркве трэба прасохнуць, а пасля яе збярэ іншая тэхніка.

Сярод многіх рускамоўных каментатараў гэты ролік выклікаў успаміны, як яны ў студэнцкія часы ездзілі збіраць ураджай у палях. Адныя з радасцю згадваюць такія прыгоды, а іншыя называюць жахам.

У іншым папулярным роліку фермер паказвае, як камбайн збірае буракі. Відэа набрала 3,2 мільёна праглядаў. 

@nikolay_tarasevich

Интересно))

♬ оригинальный звук - Николай

У каментарах многія нахвальваюць тэхніку, якая так хутка і асцярожна збірае ўраджай буракоў.

«Калісьці мы гектары рвалі рукамі на палях, дапамагалі бацькам. Цяпер гэта ўсё наколькі спрошчана», — пішуць.

«Малайцы, канструктары, добрую машыну стварылі. Усё ідзе як па масле», — хваляць.

Што гэта за тэхніка і колькі можа каштаваць?

Многія гадаюць, чыёй вытворчасці цуда-тэхніка, на якой працуе фермер. Частка каментатараў мяркуе, што гэта «Гомсельмаш», а іншыя, што гэта кітайскія камбайны.

На справе гэта тэхніка нідэрландскай фірмы Keulmac, фірмовы шыльдзік можна разглядзець на відэа са зборам бурака. Вызначыць мадэль складана, але каштуе яна адназначна не танна.

Скрыншот: traktorpool.nl

Так, камбайн, вельмі падобны да таго, на якім працуе беларус, прадаецца ў Нідэрландах за 42 500 еўра. І гэта за тэхніку 2004 года выпуску.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула