У Ірландыі загінуў 17‑гадовы ўкраінец Вадзім. Яго забіў падлетак-уцякач з Самалі
Украінец Вадзім Давыдзенка прыляцеў у Дублін самастойна. Яго размясцілі ў часовым цэнтры для непаўналетніх уцекачоў. Усяго праз чатыры дні хлопец быў жорстка забіты кухонным нажом. Па падазрэнні ў забойстве арыштаваны іншы падлетак, які жыў разам з ім, — уцякач з Самалі.
Вадзім Давыдзенка. Фота: thesun.ie
Як паведамляе The Irish Times, інцыдэнт адбыўся ў сераду, 15 кастрычніка, каля 11 гадзін раніцы, у жылым комплексе ў раёне Донагмід (Donaghmede) на поўначы Дубліна ў кватэры, якая выкарыстоўвалася як часовае жытло для непаўналетніх, што прыехалі ў Ірландыю без суправаджэння дарослых. Гэты цэнтр знаходзіўся пад апекай ірландскага агенцтва па справах дзяцей і сям'і Tusla, але яго абслугоўваннем займаўся прыватны падрадчык.
Паводле звестак Daily Mail, напад быў надзвычай жорсткім. Вадзім Давыдзенка атрымаў шматлікія раненні ў галаву, вочы і грудзі, нанесеныя кухонным нажом. Траўмы былі настолькі сур'ёзнымі, што, нягледзячы на намаганні медыкаў ён памёр на месцы здарэння.
Паведамляецца, што Вадзім прыехаў у Ірландыю ўсяго за чатыры дні да смерці. Крыніца, блізкая да хлопца, расказала, што ён цікавіўся спортам і ІТ, хацеў вывучыцца на спецыяліста на кібербяспецы, каб ваяваць на перадавой у кіберпадраздзяленні.
«Ён прапусціў свой рэйс з Польшчы ў Ірландыю, і яго сям'я настойвала на тым, каб ён вярнуўся дадому, але Вадзім настаяў на сваім падарожжы», — цытуюць СМІ сябра сям'і.
Кватэра ў Донагмідзе, дзе адбылася трагедыя, была прызначаная для чатырох падлеткаў, якія прыбылі ў Ірландыю без суправаджэння дарослых (Separated Children Seeking International Protection, SCSIPs). Яны былі з трох розных краін.
Акрамя Вадзіма, пацярпелі яшчэ два чалавекі. Падазраваны ў нападзе падлетак з Самалі таксама атрымаў траўмы і быў дастаўлены ў бальніцу. Таксама пацярпела жанчына, сацыяльная работніца, якая спрабавала спыніць бойку. Двум іншым падлеткам, якія знаходзіліся ў кватэры, удалося ўцячы. Пазней іх разам з пацярпелай супрацоўніцай перасялілі ў іншае жыллё.
Дом, у якім адбылася трагедыя. Фота: dailymail.co.uk
Як паведамляецца, трагедыя адбылася на фоне росту колькасці непаўналетніх уцекачоў у Ірландыі. Паводле звестак Камітэта па юстыцыі Ірландыі, на якія спасылаецца Daily Mail, найбольшая колькасць падлеткаў без суправаджэння прыбывае ў Ірландыю з Украіны, затым ідуць Самалі і Афганістан.
Агенцтва Tusla мае месцы для 400 дзяцей у стацыянарных жылых цэнтрах. Аднак яшчэ каля 150 непаўналетніх, уключаючы тых, хто жыў у Донагмідзе, размяшчаюцца ў арандаванай нерухомасці. Гэта так званае экстраннае размяшчэнне па спецыяльнай дамоўленасці.
Ужыванне такога часовага экстраннага жылля для ўразлівых дзяцей выклікае сур'ёзную крытыку. Галоўны аргумент — яно абслугоўваецца прыватнымі пастаўшчыкамі і не інспектуецца адпаведнымі органамі.
У Ірландыі за праверку і інспекцыю большасці сацыяльных і дзіцячых жылых цэнтраў адказвае спецыяльнае Упраўленне па інфармацыі і якасці аховы здароўя (HIQA). Аднак, як адзначыла ў інтэрв'ю Daily Mail прадстаўніца HIGA, экстраннае размяшчэнне не ўваходзіць у іх кампетэнцыю.
Па іроніі лёсу, Вадзім павінен быў неўзабаве пераехаць у іншае жыллё, спецыяльна прызначанае для ўкраінцаў.
Крыніца ў паліцыі паведаміла, што допыт падазраванага самалійскага падлетка адклалі на некалькі дзён, пакуль ён знаходзіўся пад медыцынскім наглядам. У пятніцу, пасля атрымання дазволу ад лекараў, яго арыштавалі па падазрэнні ў забойстве. Паліцыя пацвердзіла, што не шукае іншых датычных да злачынства асоб.
Сябры сям'і Вадзіма ў Кіеве распачалі збор сродкаў на рэпатрыяцыю яго цела, бо ў бацькоў няма неабходных 8000 еўра. Пасольства Украіны ў Ірландыі пацвердзіла, што знаходзіцца ў кантакце з сям'ёй і паліцыяй і аказвае ўсю неабходную консульскую дапамогу.
Як паведамляецца, здарэнне выклікала рэзананс і ў ірландскім грамадстве. Альянс за правы дзяцей (CRA) заклікаў да тэрміновага незалежнага расследавання абставін смерці Вадзіма, каб высветліць, ці можна было прадухіліць гэтую трагедыю. Найвышэйшыя службовыя асобы Ірландыі, уключаючы прэм'ер-міністра, выказалі спачуванні сям'і загінулага, паабяцаўшы падтрымку ўсім, каго закрануў гэты жахлівы інцыдэнт.
Чытайце таксама:
У ЗША бяздомны мужчына забіў 23‑гадовую ўкраінскую мастачку і мадэль
«Панаехалі, валіце ў сваю Украіну!» Беларуску пад міжнароднай аховай пабілі ў Варшаве