Бурая гіена, альпійскі казярог, эмбрыён насарога. У Вялікабрытаніі падвялі вынікі конкурсу на найлепшыя фоты дзікай прыроды
Фотаздымак бурай гіены сярод рэшткаў даўно закінутага паселішча алмазаздабыўцаў прынёс паўднёваафрыканцу Віму ван дэн Хеверу званне «Фатограф дзікай прыроды года», піша Бі-бі-сі.
«Наведвальнік горада-прывіда», Паўднёвая Афрыка. Фота: Wim van den Heever
Ван дэн Хевер разумна размясціў сваю фотапастку сярод клубоў марскога туману, прынесенага з Атлантыкі, пасля таго, як заўважыў паблізу свежыя сляды гіены.
«Мне спатрэбілася 10 гадоў, каб нарэшце атрымаць гэты адзіны здымак бурай гіены ў самым ідэальным кадры, які толькі можна ўявіць», — кажа ён.
Бурая гіена — самы рэдкі від гіен. Яны вядуць пераважна начны лад жыцця і, як правіла, жывуць у адзіноце, але часам праходзяць праз Калманскоп, недалёка ад Людэрыцы ў Намібіі, па дарозе на паляванне за дзіцянятамі капскіх марскіх коцікаў або ў пошуках падлы, вынесенай на бераг уздоўж узбярэжжа пустыні Наміб.
Ван дэн Хевер атрымаў узнагароду ў Лонданскім музеі натуральнай гісторыі, дзе фатаграфіі-пераможцы будуць выстаўленыя з 17 кастрычніка па 12 ліпеня.
Пераможцы ў намінацыях
Малады фатограф дзікай прыроды года і фатограф ва ўзросце 15‑17 гадоў — «Пасля разбурэння», аўтар: Андрэа Дамініцы, Італія
Горы Лепіні, Лацыа, Італія. Фота: Andrea Dominizi
Даследуючы горы Лепіні ў цэнтральнай Італіі, калісьці высечаныя з-за старых букавых дрэў, Андрэа Дамініцы заўважыў жука, які адпачываў на ссечаным дрэве побач з кінутым экскаватарам.
Выкарыстоўваючы шырокавугольны аб'ектыў і знешнюю успышку, ён зняў маленькую істоту на фоне закінутай тэхнікі, каб падкрэсліць значна больш важную тэму.
«Гэта фатаграфія раскрывае праблему, з якой сутыкаюцца многія віды жывёл — страту асяроддзя для жыцця, — кажа ён. — У гэтым выпадку гэта жукі, якія страчваюць дрэвы і драўніну, неабходныя для адкладання яек».
Даўгарогія жукі граюць важную ролю ў здароўі лесу — робячы хады ў мёртвай драўніне, яны ствараюць умовы для грыбоў, якія дапамагаюць раскладаць яе і перапрацоўваць спажыўныя рэчывы.
Дамініцы апісвае здымак як «добрую дакументальную фатаграфію», а ўзнагароду — як «самае вялікае дасягненне ў жыцці (прынамсі, на гэты момант)». Ён спадзяецца, што фатаграфія «можа натхніць людзей, якія яе ўбачаць, на розныя думкі» і дапаможа ўсвядоміць, як страта асяроддзя для жыцця ўплывае на ўсе жывыя істоты.
Дамініцы таксама падзякаваў італьянскай арганізацыі Wild Ita за тое, што яна падтрымала яго захапленне і пазнаёміла яго з іншымі людзьмі, якія яго падзяляюць.
«Без іх я не атрымаў бы шмат чаго з гэтых уражанняў і не знайшоў бы аб'ектаў для здымкі, асабліва ўлічваючы цяжкасці, з якімі сутыкаюцца маладыя людзі, якія не маюць магчымасці падарожнічаць адны», — кажа ён.
Жывёлы ў сваім асяроддзі — «Як вугор па-за вадой», аўтар: Шэйн Грос, Канада
Востраў Д'Арос, архіпелаг Амірантэ, Сейшэльскія астравы. Фота: Shane Gross
Пасля некалькіх тыдняў цярплівага чакання леташні пераможца Шэйн Грос зняў на фота стракатых мурэн, якія шукаюць падлу падчас адліву.
«Я вырашыў пайсці іншым шляхам і проста застаўся на адным месцы, спадзеючыся, што яны самі падбяруцца да мяне», — гаворыць ён.
Грос правёў некалькі гадзін, цярпліва пераносячы сонца, спёку і мух, чакаючы ў месцы, дзе вынесла на бераг мёртвую рыбу. Урэшце з'явіліся тры рыбіны.
«Як толькі я супакоіўся і замёр, нешта прывабіла іх назад», — кажа ён.
Мурэнавыя добра прыстасаваныя да жыцця ў прыліўнай зоне і могуць заставацца па-за вадой больш за 30 секунд падчас палявання.
10 гадоў і маладзейшыя — «Логава ткача», аўтарка: Джэймі Смарт, Вялікабрытанія
Сярэдні Уэльс, Вялікабрытанія. Фота: Jamie Smart
Халоднай вераснёвай раніцай Джэймі Смарт пабачыла павука-кругапрада, які скруціўся ў сваёй шаўковай хованцы.
Яна цярпліва наладжвала фокус, пакуль кадр не аказаўся выразным і ідэальна збалансаваным.
«Для мяне гэта таксама даволі важна, таму што я магу паказаць тое, чаго людзі звычайна баяцца, — кажа яна. — Тут павук проста схаваўся. Ён не спрабуе ўкусіць мяне, ён не спрабуе зрабіць нешта страшнае, таму гэта дапамагае людзям зразумець: «О, яны лепшыя, чым я думаў».
Водна-балотныя ўгоддзі: агульная карціна — «Сажалка, якая знікае», аўтар: Себасцьян Фроліх, Германія
Плацэрталь, Тыроль, Аўстрыя. Фота: Sebastian Frölich
У балоцістай мясцовасці Плацэрталь у Аўстрыі Себасцьян Фроліх заўважыў нагахвостку, якая імчыць па моры неонава-зялёных бурбалак газу.
Ён наведаў гэтую забалочаную мясцовасць, каб падкрэсліць яе жыццёва важную ролю ў якасці паглынальніка вугляроду і месца жыцця для дзікай прыроды ў той час, калі Аўстрыя страціла 90% сваіх тарфянікаў.
Нагахвостка, якая імчыць над бурбалкамі газу, што ўздымаюцца ў паветра, надае малюнку магутнае адчуванне маштабу.
11‑14 гадоў — «Альпійскі світанак», аўтар: Любін Гадзін, Францыя
Коль-дэ-ла-Каламб'ер, Верхняя Савоя, Францыя. Фота: Lubin Godin
Падчас ранняга ўзыходжання Любін Гадзін пабачыў альпійскага казярога, які адпачываў над морам аблокаў.
Ён вярнуўся па сваіх слядах, калі прабілася сонца, і зняў на камеру гэтую сцэну, перш чым туман вярнуўся.
Калісьці амаль вынішчаныя альпійскія горныя казлы аднавілі сваю папуляцыю, але цяпер змена клімату ўплывае на іх кармавую базу ў перыяд размнажэння.
Пад вадой — «Сумка выжывання», аўтар: Ральф Пэйс, ЗША
Мантэрэй-Бэй, Каліфорнія, США. Фота: Ralph Pace
Змагаючыся з моцным цячэннем, Ральф Пэйс з цяжкасцю ўтрымліваў камеру, каб здымаць яйкавы кокан каліфарнійскай раздзіманай акулы.
Падсвяціўшы кокан ззаду, ён здолеў зняць эмбрыён, які свяціўся, з жабравымі шчылінамі і жаўтковым мяшком.
Каліфарнійскім раздзіманым акулам патрэбнае багавінне, каб адкладаць свае скурыстыя яйкі, што робіць іх уразлівымі пры знікненні багавінных лясоў.
Даследчыкі мяркуюць, што за апошнія 34 гады колькасць багавіння ў заліве Мантэрэй скарацілася больш чым на 95%.
Партрэты жывёл — «Паляўнічы ў цені», аўтар: Філіп Эгер, Італія
Натурна, Паўднёвы Ціроль, Італія. Фота: Philipp Egger
На працягу чатырох гадоў Філіп Эгер назіраў за гняздом гэтага пугача здалёк, старанна плануючы сваю фатаграфію.
Пугач — адна з самых буйных соў у свеце, ягоная вага прыкладна ў два разы перавышае вагу канюка. Гэтыя начныя паляўнічыя гняздуюцца на скалах або ў расколінах і часта вяртаюцца на адно і тое ж месца на працягу многіх гадоў.
Паводзіны: птушкі — «Сінхронная рыбалка», аўтар: Цынжун Ян, Кітай
Возера Юндань, Фуцзянь, Кітай. Фота: Qingrong Yang
На возеры Юндань Цынжун Ян зняў прамянёвапёрую рыбіну, якая схапіла здабычу проста пад носам, дакладней, дзюбай белай чаплі.
Ён часта наведвае возера, каб зняць на камеру гэтыя бурныя моманты кармлення.
Возера, калісьці адрэзанае ад мора і моцна забруджанае, пазней было зноў злучана з морам з дапамогай сістэмы шлюзаў, якія рэгулююць паток вады.
Паводзіны: сысуны — «Кот сярод фламінга», аўтар: Дэніс Стогсдзіл, ЗША
Возера Ндуту, нацыянальны парк Серэнгеці, Танзанія. Фота: Dennis Stogsdill
Пасля некалькіх дзён пошукаў дзікіх катоў Дэніс Стогсдзіл прыбыў да возера Ндуту ў надзеі ўбачыць сервала, але замест гэтага стаў сведкам таго, як каракал скокнуў на фламінга — такое паляванне рэдка трапляе ў аб'ектыў.
Каракалы вядомыя сваімі акрабатычнымі скачкамі, каб злавіць птушак, але выпадкі, калі іх можна ўбачыць падчас палявання на фламінга, здараюцца рэдка.
Фотажурналістыка — «Як выратаваць від», аўтар: Хон А. Хуарэс, Іспанія
Запаведнік Ол Педжэта, Наньюкі, акруга Лайкіпія, Кенія. Фота: Jon A. Juárez
За гады працы ў праекце BioRescue Хон А. Хуарэс стаў сведкам прарыву ў галіне захавання насарогаў — першага паспяховага пераносу эмбрыёна.
«Я ніколі гэтага не забуду», — кажа ён.
Хоць плод не выжыў з-за інфекцыі, гэты важны крок даказаў, што экстракарпаральнае апладненне (ЭКА) можа працаваць для насарогаў і можа дапамагчы навукоўцам захаваць блізкага да вымірання паўночнага белага насарога.
Паводзіны: амфібіі і рэптыліі — «Жабы-гарэзы», аўтар: Квенцін Марцінэс, Францыя
Гара Кау, Французская Гвіяна. Фота: Quentin Martinez
Пад залевай Квенцін Марцінес пайшоў па затопленай сцежцы да лужыны на лясной паляне.
Выкарыстоўваючы шырокавугольны аб'ектыў і ўспышку з дыфузарам, ён зняў на камеру палевых квакшаў, якія сабраліся для размнажэння і пераліваліся металічным бляскам.
Палевыя квакшы прывабліваюць партнёраў кароткімі, пранізлівымі гукамі. Гэты рытуал, выкліканы моцным дажджом, працягваецца ўсяго некалькі гадзін.
Прэмія за фотарэпартаж — «Канец аблавы: кіпячая яма», аўтар: Хаўер Аснар Гансалес дэ Руэда, Іспанія
ЗША. Фота: Javier Aznar Conzález de Rueda
Па ўсёй тэрыторыі ЗША Хаўер Аcнар Гансалес дэ Руэда даследаваў супярэчлівыя погляды грамадства на грымучых змей — ад глыбокай павагі да страху і пераследу.
Калісьці грымучыя змеі былі цэнтральным элементам «палявання», дзе паляўнічыя спаборнічалі за самы важкі ўлоў, а цяпер яны знаходзяцца пад пагрозай знікнення з-за страты асяроддзя для жыцця і варожага стаўлення людзей.
Фотаздымкі Аснара заклікаюць да захавання гэтых змей, пакуль яны не зніклі.
Паводзіны: беспазваночныя — «Вусень-вар'ят», аўтар: Джарджына Стэйтлер, Аўстралія
Нацыянальны парк Торндыруп, Заходняя Аўстралія. Фота: Georgina Steytler
Пасля многіх гадоў пошукаў Джарджына Стэйтлер нарэшце знайшла абгрызеныя да пражылак лісты эўкаліпта, дакладную прыкмету прысутнасці вусеня матыля — вар'яткі-капялюшніцы.
Цэлая вежа з адкінутых галовак вусеня падсвечаная прамянямі захаду сонца.
Кожная лінька пакідае пасля сябе галоўку, утвараючы стос, які, як мяркуюць, збівае з панталыку драпежнікаў.
Акіяны: агульная карціна — «Бяседа», аўтар: Аўдун Рыкардсэн, Нарвегія
Ф'ёрд Квенанген, Скервой, Нарвегія. Фота: Audun Rickardsen
Падчас палярнай ночы ў Нарвегіі Аўдун Рыкардсэн сфатаграфаваў чаек, якія раяцца вакол рыбалоўнага судна і спрабуюць злавіць рыбу, якая заблыталася ў сетках.
Ён імкнецца падкрэсліць канфлікт паміж марскімі птушкамі і рыбнай прамысловасцю.
Штогод многія птушкі тонуць у сетках.
Даследчыкі тэстуюць розныя рашэнні, уключаючы больш хуткае апусканне сетак, каб птушкі не траплялі ў іх.
Расліны і грыбы — «Смяротнае зачараванне», аўтар: Чыен Лі, Малайзія
Кучынг, Саравак, Барнеа, Малайзія. Фота: Chien Lee
Казуркі, у адрозненне ад людзей, могуць бачыць ультрафіялетавае святло. Каб зняць гэты кадр, Чыен Лі выкарыстаў працяглую вытрымку і ультрафіялетавы ліхтар, чакаючы пяціхвіліннага акна згасання святла адразу пасля заходу сонца.
Некаторыя драпежныя гарлачыкавыя расліны адбіваюць ультрафіялетавае святло, выкарыстоўваючы колер, пах і нектар, каб прыцягнуць здабычу.
Узыходзячая зорка — «Пільныя моманты: знаёмства з суседзямі», аўтар: Лука Лорэнц, Германія
Германія. Фота: Luca Lorenz
У дзяцінстве Лука Лорэнц гадзінамі назіраў за птушкамі і вывучаў дзікую прыроду.
Падчас здымкі лебедзяў-шыпуноў на гарадскім возеры ў кадр трапіла нутрыя.
Нутрыі, або каіпу, родам з Паўднёвай Амерыкі, былі завезеныя ў Еўропу для гандлю футрам і цяпер квітнеюць у дзікай прыродзе.
Лука купіў сваю першую камеру ў 13 гадоў. Ён спадзяецца, што ягоныя работы натхняць іншых на абарону прыроды.
Мастацтва ў прыродзе — «У святле фар», аўтарка: Сімонэ Баўмейстэр, Германія
Ібенбюрэн, Паўночны Рэйн — Вестфалія, Германія. Фота: Simone Baumeister
Сімонэ Баўмейстэр сфатаграфавала на гарадскім мосце павука-кругапрада, сілуэт якога вылучаецца на фоне святлафора ўнізе.
Перавярнуўшы адзін з шасці шкляных элементаў аналагавага аб'ектыва, яна стварыла калейдаскапічны эфект, які атачае павука.
У гарадах гэтыя павукі часта плятуць сваё павуцінне каля штучных крыніц святла, якія прыцягваюць начных казурак.
Прэмія Impact Award — «Сірата дарогі», аўтар: Фернанда Фацыёле, Бразілія
Цэнтр сартавання дзікіх жывёл, Белу-Арызонці, Бразілія. Фота: Fernando Faciole
У рэабілітацыйным цэнтры ў Бразіліі Фернанда Фацыёле сфатаграфаваў асірацелае дзіцяня гіганцкага мураўеда, якое ішло за сваім апекуном.
Яго мэта — паказаць наступствы дарожна-транспартных здарэнняў, якія ўяўляюць сур'ёзную пагрозу для гэтых жывёл.
Эколагі распрацоўваюць метады скарачэння смяротнасці мураўедаў на дарогах Бразіліі.
Узнагарода за партфоліа — «Прывіды Поўначы: ледзяныя матывы», аўтар: Аляксей Харытонаў, Ізраіль / Расія
Расія. Фота: Alexey Kharitonov
Пейзажны фатограф-самавук Аляксей Харытонаў ператварае расійскую Поўнач, Сібір і Азію ў свае палотны.
З дапамогай дрона ён здымае хуткі пераход ад лета да зімы ў лясах тайгі і арктычнай тундры.
На гэтым здымку — нядаўна замерзлае возера ў Светлячкоўскім балоце, пакрытыя снегам цёмныя кругі, парэзаныя расколінамі.
Чытайце таксама:
Памерла прыматолаг Джэйн Гудол. Яна змяніла нашы ўяўленні пра шымпанзэ
Турыст у Кеніі напаіў півам слана і справакаваў скандал
Амерыканскі горад запаскуджваюць гусі. Улады выдаткуюць амаль 400 000 даляраў, каб адпудзіць птушак
«Жорсткасць пад выглядам дабрачыннасці». У Аўстраліі з верталёта расстралялі да 700 каал
Упершыню за доўгі час навукоўцы сфатаграфавалі дзіцянят снежнага барса ФОТЫ