БЕЛ Ł РУС

Беларускі комік перамог у польскім гумарыстычным тэлешоу

16.10.2025 / 15:9

Nashaniva.com

Беларускі стэндапер Міхась Ільін распавёў у сацсетках, што перамог у польскім тэлевізійным шоу Masz Minutę («Маеш хвілінку»). Ён называе гэта аналагам «Х-фактар» для комікаў.

Міхась Ільін на шоў Masz Minutę. Скрыншот відэа на YouTube

У шоу неабходна як агучваць свае жарты, так і імправізаваць, адказваючы на пытанні журы. Акрамя беларуса было яшчэ 10 прэтэндэнтаў на перамогу.

Міхась Ільін спрабуе свае сілы ў польскамоўным стэндапе ўжо год. Але, з’явіўшыся перад журы, адразу выбачыўся за магчымыя памылкі. Удакладніў, што сам з Беларусі — каб гледачы не падумалі, што з Падляшша.

— Чатыры гады я жыву ў Польшчы, і, ведаеце, за гэты час я зразумеў, што Польшча — гэта ідэальная краіна для эміграцыі беларусаў. Таму што ў вас тут мова, якая вельмі падобная да беларускай мовы, якую лёгка вывучыць. Адзіная праблема, што акрамя ўкраінцаў тут яшчэ і палякі ёсць, ведаеце. Яшчэ вашу мову мушу вучыць.

Міхась пажартаваў наконт беларускай прапаганды, якая пужала: «Беларусы, не едзьце ў гэту Польшчу. Там вас будуць лічыць за людзей другога гатунку». Але ж для беларуса гэта гучыць прывабна — бо хоць недзе нас будуць лічыць за людзей.

Падняў ён і тэму дыскрымінацыі:

— Ведаеце, калі ты беларус у Польшчы, то часам можаш пачуць на свой адрас: «Вяртайся ў сваю Украіну». Заўсёды мяне гэта злавала, бо я беларус, Украіна — гэта іншая краіна. Я супраць такой ксенафобіі. Я за нармальную, правільную ксенафобію. Хачу, каб палякі мне казалі: «Вяртайся ў сваю Беларусь!». Я беларус, гэта варта павагі. Калі я некалькі разоў пачую «Вяртайся ў сваю Беларусь!», я так і зраблю. Збяру свае рэчы і паеду на беларускую зямлю. У Беласток.

У журы ўзніклі праблемы з тым, як правільна чытаць імя Міхася — бо як шмат хто з беларусаў ён мае дзіўную транслітарацыю ў дакументах. Літара K у Mikhail блытае палякаў, якія не могуць зразумець, чаму яна туды трапіла. Міхась пажартаваў, што гэта праз тое, што рэжым Лукашэнкі робіць што хоча.

У выніку Міхась атрымаў галоўны прыз — удзел у стэндап-фестывалі.

Чытайце таксама:

Настасся Касцюгова сустракаецца з комікам Максімам Канавалам. Яна расказала, як ім жывецца разам

Беларускі стэндапер выступіў у акупаваным Марыупалі. Кажа, у гэтым няма палітыкі: Я толькі раблю сваю працу — як доктар

Беларускі комік зняўся ў серыяле з зоркай «Звышнатуральнага». У кадры і Мінск — як яго бачаць амерыканскія кіношнікі

Беларускія комікі запусцілі ютуб-шоу спатканняў усляпую

Каментары да артыкула