«Работнікаў з Афрыкі адпраўляюць на кухню». Чым займаюцца працоўныя мігранты ў Беларусі і адкуль едуць?
Пасля таго, як у Беларусі спрасцілі правілы для працаўладкавання замежнікаў, іх колькасць прыкметна вырасла. Замежнікі ўсё часцей сустракаюцца сярод прадаўцоў, касіраў і таксістаў.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Попыт на працу ў Беларусі расце
На фоне дэфіцыту кадраў на працягу апошніх двух гадоў у Беларусі значна спрасцілі ўмовы працаўладкавання замежнікаў.
Так, цяпер не трэба атрымліваць спецыяльны дазвол, каб наняць больш за 10 замежнікаў. Таксама наймальнікам не патрэбны асобны дакумент для прыцягнення замежнікаў па пэўных прафесіях. Грамадзяне краін ЕАЭС і іх сем’і могуць працаваць у Беларусі без спецдазволаў і атрымліваць дазвол на часовае жыхарства на тэрмін больш за год.
За першыя паўгода 2025‑га ў Беларусь афіцыйна прыехала працаваць больш за 21 тысяча замежнікаў. Для параўнання: за ўвесь 2024 год — 34 тысячы, а за 2023 — 13 тысяч.
Насуперак размовам пра намер запрасіць на працу ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў, людзей з гэтай далёкай краіны да нас едзе не шмат. Па стане на май гэтага года ў Беларусі працавала ўсяго каля 200 пакістанцаў.
З улікам таго, што ад нядаўняга часу замежнікам (апроч грамадзян краін ЕАЭС) для працаўладкавання на шэраг пазіцый трэба здаць іспыт на валоданне рускай або беларускай мовай, чакаць наплыву працоўных з Пакістана адназначна не варта.
З 21 259 замежнікаў, якія прыехалі ў Беларусь за першае паўгоддзе 2025-га, амаль палову складаюць грамадзяне Туркменістана — 10 050 чалавек. На другім месцы грамадзяне Расіі — 2124, на трэцім — Украіны (1864). Далей ідуць работнікі з Кітая — 1831 чалавек. Замыкаюць топ-5 грамадзяне Узбекістана — 1804 чалавекі. На ўсе іншыя краіны прыпадае 3586 чалавек.
Таксісты з Сярэдняй Азіі
Сярод працоўных мігрантаў з краін Сярэдняй Азіі нямала таксістаў. Іх шукаюць у тым ліку праз сацыяльныя сеткі. Напрыклад, можна патрапіць на акаўнт у тыктоку, які вядзецца на туркменскай і дзе рэкламуецца праца ў таксі.
Скрыншот: projektor_minsk / TikTok
У каментарах людзі задаюць пытанні пра заробак. У адказах можна ўбачыць лічбы ад 700 да 1000 даляраў, што супадае з сумамі, якія называюць беларускія кіроўцы (па словах чалавека, які некалькі месяцаў таму ўладкаваўся ў таксі на арэндным аўто, за месяц ён атрымлівае на рукі ад 2600 да 3000 рублёў).
Адзін з каментатараў адказаў, што, каб зарабіць тую тысячу, трэба працаваць па 12 гадзін. На што яму адказалі, што ў любой краіне так.
Часцей за ўсё на заробкі едуць у Мінск, паколькі заробкі ў сталіцы больш высокія, але працоўных мігрантаў з краін Сярэдняй Азіі хапае і ў рэгіёнах. У асноўным у абласных цэнтрах.
Сярод прафесій, што навідавоку, замежнікаў можна нярэдка ўбачыць у сферы гандлю.
Узбекі на касе, афрыканцы на кухні
Прадавачка, разам з якой у краме працуе адразу некалькі туркменаў і ўзбекаў, адзначае, што на касу ў іх часцей бяруць людзей з Узбекістана, бо яны звычайна лепш за туркменаў валодаюць рускай мовай.
У некаторых крамах іх сеткі ёсць работнікі з афрыканскіх краін, праўда, працуюць яны на кухні, а не ў гандлёвай зале, таму для шэраговых наведвальнікаў крам яны не заўважныя.
Кім яшчэ працуюць замежнікі
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, з 21 тысячы працоўных мігрантаў 4319 — гэта работнікі сферы абслугоўвання, гандлю і іншых роднасных відаў дзейнасці.
7240 чалавек — кваліфікаваныя рабочыя прамысловасці, будаўніцтва і падобных заняткаў.
Яшчэ 3796 мігрантаў уладкаваліся зборшчыкамі вырабаў, аператарамі, апаратчыкамі, машыністамі і іншымі рабочымі, занятымі кіраваннем, эксплуатацыяй і абслугоўваннем установак і машын.
Галоўнае — валодаць рускай
Вакансій, куды гатовыя браць замежнікаў, хапае. Так, напрыклад, будаўнічы гіпермаркет «ОМА» шукае кладаўшчыкоў-камплектоўшчыкаў для працы ў пасёлку Прывольны. Рабочым абяцаюць ад 2500 рублёў.
Скрыншот: belmeta.com
«Вакансія даступная для замежнікаў з веданнем рускай мовы», — пазначана ў апісанні.
Замежнікаў, якія валодаюць рускай або беларускай мовай, гатовыя браць у тым ліку касірамі ў закусачную. Абяцаюць гнуткі графік і зарплату 1250‑1700 рублёў.
Скрыншот: belmeta.com
Верагодна, пад замежнікамі ў такім выпадку маюцца на ўвазе студэнты, якія гатовыя падпрацоўваць, паколькі ехаць на заробкі ў Беларусь за $400—550 на месяц сэнсу няма.
Натуральна, што для большасці прац трэба валодаць мясцовай мовай.
Сярод туркменаў, дарэчы, таксама набірае папулярнасць казахстанскі кірунак, паколькі ім стала складаней атрымліваць візу ў Турцыю, дзе традыцыйна пражывае шмат туркменаў. Казахстан, у сваю чаргу, з'яўляецца самай багатай краінай у рэгіёне, таму на заробкі туды цяпер едуць не толькі з самага беднага Туркменістана, але і з Узбекістана. А туркмены, адпаведна, едуць на працу ў тым ліку ва Узбекістан.
У Мінск замест Масквы
Беларускі таксіст, які працуе на ўласным аўто і цікавіўся ў замежнікаў, чаму яны едуць да нас, кажа, што тут склалася адразу некалькі фактараў.
Па-першае, калі не ленавацца, то ў таксі нават на арэндным аўто можна мець пад $1000 у месяц. Па-другое, у Беларусі спрасцілі ўмовы працаўладкавання для замежнікаў.
Яшчэ адзін фактар, які суразмоўцу агучвалі таксісты з Узбекістана і Туркменістана, — гэта пагаршэнне стаўлення да азіятаў у Расіі пасля тэракту ў «Крокус Сіці Хол». Маўляў, агрэсіі стала больш, таму некаторыя і вырашылі перабрацца на працу ў Беларусь, хоць мінскія заробкі ніжэйшыя за маскоўскія.
Колькі мігранты трацяць на жытло?
Калі размова ідзе не пра нейкае дзяржаўнае прадпрыемства або калгас, дзе работнікаў забяспечваюць жыллём, большасць прыезджых здымаюць сабе ложка-месцы.
У Мінску цэны стартуюць ад $115 з чалавека на месяц плюс камунальныя выдаткі. Ложка-месцы для рабочых здаюць як у кватэрах, так і ў катэджах, якія месцяцца ў самім горадзе або непадалёк ад МКАД.
Скрыншот: realt.by
Некаторыя, праўда, гатовыя здаваць ложка-месцы толькі беларусам, пра што ўказваюць у апісанні.
За 15 рублёў на суткі ($150 на месяц) прапануюць ложка-месцы ў катэджы ў Мінску, разлічаным на пражыванне 30 чалавек. У гэтую суму ўваходзяць камунальныя паслугі, змена бялізны двойчы на месяц, бытавая хімія для кухні і гігіенічныя сродкі.
Але ёсць і таннейшыя прапановы: напрыклад, у Калодзішчах здаюць ложка-месцы ўсяго па $70 з чалавека.
Чытайце таксама:
Лукашэнка пра працоўных мігрантаў: Да іх трэба ставіцца як да сваіх людзей. Гэта ж нашы людзі
У Пакістане ўжо набіраюць ахвотных працаваць у Беларусі
Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»