Лукашэнка заявіў, што сітуацыя ў эканоміцы неадназначная
«Тры з пяці найважнейшых параметраў прагнозу на гэты год не выконваюцца».
Фота: Sergei Bobylev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
На нарадзе 16 кастрычніка абмяркоўваліся праекты дакументаў па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, прагноз працы эканомікі і бюджэт на наступны год, паведамляе БелТА.
Лукашэнка нагадаў, што ў гэтым годзе завяршаецца рэалізацыя шостай пяцігадовай праграмы. І да канца 2025‑га трэба прыкласці неверагодныя намаганні, каб выканаць усе даведзеныя параметры.
«Пакуль карціна неадназначная, — адзначыў ён. — З аднаго боку, ёсць відавочны вынік: стабільны рост заробку, агульныя даходы насельніцтва. Двойчы ў гэтым годзе ўдалося падняць пенсіі. У нас моцная нацыянальная валюта. Рэкордна павялічваюцца золатавалютныя рэзервы».
«З другога боку, ёсць цяперашні спад у шэрагу традыцыйных галін. Тры з пяці найважнейшых параметраў прагнозу на гэты год не выконваюцца (пакуль), — працягнуў Аляксандр Лукашэнка. — Валавы ўнутраны прадукт павялічыўся менш чым на 2% за 8 месяцаў».