БЕЛ Ł РУС

Пуцін у Маскве гаварыў пра вечную дружбу з сірыйскім лідарам, якога 9 гадоў таму пагражаў «знішчыць»

15.10.2025 / 21:38

Nashaniva.com

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве з новым лідарам Сірыі Ахмедам аш-Шаарам заявіў, што адносіны паміж дзвюма краінамі заўсёды былі сяброўскімі і што Расія гатовая падтрымліваць рэгулярныя кантакты і сумесныя праекты. Хоць раней адносна аш-Шаара і сіл, якія за ім стаялі, рыторыка была кардынальна іншая, заўважае The Moscow Times.

Уладзімір Пуцін і Ахмед аш-Шаар у Крамлі. Фота: Contributor/Getty Images

«За гэты час [з 1944 года] адносіны паміж Сірыяй і Расіяй заўсёды насілі выключна сяброўскі характар. У нас у Расіі ніколі ў дачыненні да Сірыі не было нейкіх адносін, звязаных з нашай палітычнай кан'юнктурай або з асаблівымі інтарэсамі. Мы заўсёды кіраваліся адным — інтарэсамі сірыйскага народа. З сірыйскім народам у нас сапраўды глыбокія сувязі», — заявіў Пуцін.

Ахмед аш-Шаар, які нядаўна прыбыў у Расію з працоўным візітам, раней быў вядомы пад імем Аль-Джулані і кіраваў ісламісцкай групоўкай «Хаят Тахрыр аш-Шам» (раней — «Джабхат ан-Нусра»), што была адгалінаваннем «Аль-Каіды». 

Раней «Тахрыр аш-Шам» вяла баявыя дзеянні супраць рэжыму Башара Асада і расійскіх войскаў, якія яго падтрымлівалі. Расійская авіяцыя наносіла ўдары па пазіцыях групоўкі.

У 2016 годзе расійскі МЗС называў членаў гэтай групоўкі «вылюдкамі» і абяцаў яе «знішчыць», падкрэсліваючы, што яна з’яўляецца тэрарыстычнай арганізацыяй. У 2020 годзе «Тахрыр аш-Шам» была афіцыйна забароненая ў Расіі.

Аднак пасля таго як апазіцыйныя сілы ўзялі пад кантроль сталіцу Сірыі Дамаск, аш-Шаар атрымаў падтрымку часткі паўстанцаў і быў абвешчаны прэзідэнтам пераходнага ўрада Сірыі. Адпаведна з гэтым змянілася да яго і стаўленне Масквы, гэтак жа сама як яно змянілася да афганскага руху Талібан, які таксама перад прыходам улады лічыўся тэрарыстычнай і забароненай у Расіі арганізацыяй, а пасля прыходу стаў партнёрам. 

Паводле даных агенцтваў Syria TV і Reuters, падчас візіту ў Маскву аш-Шаар плануе абмеркаваць з Пуціным два асноўныя пытанні: выдачу сірыйскім уладам былога прэзідэнта Башара Асада для прыцягнення яго да адказнасці і будучыню расійскіх вайсковых баз у Тартусе і Хмейміме.

Чытайце таксама:

У Расію прыехаў новы прэзідэнт Сірыі

Лаўроў абверг чуткі пра атручванне Башара Асада

Лідары арабскіх краін адмовіліся ехаць на саміт да Пуціна

У Сірыі праходзяць першыя выбары пасля звяржэння Асада

Следам за Арменіяй і Сірыяй Расія губляе Малі і ЦАР

Каментары да артыкула