БЕЛ Ł РУС

Турчын заявіў, што Беларусь і Расія дамовіліся наконт нафтаперапрацоўкі

15.10.2025 / 15:11

Nashaniva.com

Беларусь і Расія вызначыліся з умовамі функцыянавання нафтаперапрацоўкі на сярэднетэрміновую перспектыву. Пра гэта паведаміў журналістам прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын.

Мазырскі НПЗ. Фота: прэс-служба завода

«Літаральна сёння мы завяршылі, скажам так, паўгадавую няпростую працу з нашымі расійскімі партнёрамі па ўмовах функцыянавання гэтай галіны на сярэднетэрміновую перспектыву. На ўзаемавыгадных умовах. Якія дазваляюць нашым нафтаперапрацоўчым заводам эфектыўна працаваць», — праінфармаваў ён.

Іншыя падрабязнасці ён не назваў, але адзначыў, што прынятыя ўрадам меры далі значны эканамічны эфект для айчынных прадпрыемстваў, і ён «вылічаецца не адной сотняй мільёнаў долараў».

Турчын адзначыў, што пытанне працы галіны разглядалася таксама ў кантэксце сітуацыі на рынку нафтапрадуктаў у суседніх краінах. А сітуацыя на ўнутраным рынку з забеспячэннем нафтапрадуктамі «ў нас стабільная і ніякіх узрушэнняў проста не можа быць».

У Расіі з-за атак украінскіх беспілотнікаў на нафтаперапрацоўчыя заводы ўзнікла напружаная сітуацыя на рынку аўтамабільнага паліва. У некаторых рэгіёнах узнік дэфіцыт паліва, што вымусіла расійскі ўрад увесці часовыя абмежаванні на іх экспарт. На гэтым фоне замежныя і расійскія СМІ паведамілі пра рэзкі рост паставак нафтапрадуктаў у Расію менавіта з Беларусі, каб кампенсаваць унутраны недахоп.

Чытайце таксама:

Пастаўкі беларускага бензіну ў Расію чыгункай у верасні ўзраслі ў чатыры разы 

Пекла ў Расіі: удары па нафтаперапрацоўцы паглыбляюць паліўны крызіс і мяняюць уяўленні Трампа пра перспектывы Украіны

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі

На закрытай нарадзе ў Лукашэнкі абмяркоўвалася пытанне вытворчасці паліва для Расіі

У Расіі плануюць істотна павялічыць імпарт беларускага бензіну

Каментары да артыкула