Дарадца Наўседы: Канчатковае рашэнне па ахове Ціханоўскай яшчэ не прынятае
У Літве працягваюцца дыскусіі наконт узроўню аховы лідаркі беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святланы Ціханоўскай. Як паведаміла галоўная дарадца прэзідэнта Літвы па знешняй палітыцы Аста Скайсгірыце, рашэнне аб поўным змяненні рэжыму аховы пакуль не прынята, хоць з кастрычніка ахова Ціханоўскай была зменшана.
Змены ў ахове азначаюць, што дом і офіс Ціханоўскай застаюцца пад аховай, аднак лідар беларускай апазіцыі страціла асабістую ахову ў Літве і за мяжой, сцвярджае LRT. Фота: Офіс Ціханоўскай
«Наколькі я разумею, канчатковыя рашэнні ва ўрадзе быццам бы не прынятыя, яшчэ вядзецца дыскусія, вырашаецца», — сказала Скайсгірыце ў аўторак радыёстанцыі «Žinių radijas», піша LRT.
Паводле яе слоў, прэзідэнт Гітанас Наўседа прытрымліваецца меркавання, што Ціханоўская павінна быць і надалей пад аховай, а ўзровень і метады аховы павінны вызначаць адпаведныя службы.
Дарадца заявіла, што рашэнне наконт аховы Ціханоўскай павінна быць палітычным.
«Выключна да тэхнічных аспектаў мы не можам яго зводзіць, але тэхнічна гэта павінна быць правільнае, добрае рашэнне», — сказала Скайсгірыце.
Паводле яе, афіцыйны статус Ціханоўскай у Літве застаецца ранейшым, яна мае ў краіне статус госця, і па-ранейшаму дзейнічае акрэдытацыя Беларускага дэмакратычнага прадстаўніцтва, выдадзеная Міністэрствам замежных спраў.
«Відаць, урад, прымаючы адпаведныя рашэнні, будзе ўлічваць увесь гэты комплекс прычын», — адзначыла дарадца Наўседы.
Літва знізіла ўзровень аховы Ціханоўскай і яе працоўных памяшканняў з 1 кастрычніка.
Чыноўнікі сцвярджаюць, што замест Службы аховы кіраўніцтва цяпер ахову будзе ажыццяўляць Бюро крымінальнай паліцыі Літвы.
Змены ў ахове азначаюць, што дом і офіс Ціханоўскай застаюцца пад аховай, аднак лідар беларускай апазіцыі страціла асабістую ахову ў Літве і за мяжой, піша выданне.
У адказ на меркаванне, што Ціханоўская можа пераехаць у Польшчу, Скайсгірыце сказала: «Спадарыня Ціханоўская — свабодная асоба і не знаходзіцца ў турме. Вядома, калі б яна хацела, яна магла б разглядаць нейкія іншыя варыянты, аднак наша справа — забяспечыць, каб яна ў Літве адчувала сябе ў бяспецы».
Прыхільнікі змяншэння рэжыму аховы Ціханоўскай сцвярджаюць, што ён зменены ў адказ на ўзровень пагрозы і звязаны з тэхнічнымі прычынамі.
Крытыкі падазраюць, што рашэнне было палітычным, і такім рашэннем прыніжаецца статус лідара апазіцыі.
Сам Офіс Ціханоўскай сцвярджае, што працягвае дзейнасць, нягледзячы на зменены рэжым аховы, але ў фізічных памяшканнях пакуль працуе толькі частка супрацоўнікаў.
Яны заяўляюць, што пасля рашэння Літвы колькасць пагроз павялічылася, піша выданне.