На чэмпіянат свету па футболе выйшла зборная краіны, чый сцяг парадуе вока многіх беларусаў
Зборная Каба-Вэрдэ сенсацыйна заваявала пуцёўку на чэмпіянат свету 2026 года, упершыню ў сваёй гісторыі выйшаўшы на галоўны футбольны турнір планеты.
Астраўная афрыканская дзяржава з насельніцтвам усяго каля 600 тысяч чалавек выйграла сваю адборачную групу, пакінуўшы ззаду Камерун, Лівію, Анголу, Маўрыкій і Эсваціні.
Вырашальным стаў заключны тур, у якім зборная Каба-Вэрдэ ўпэўнена абыграла зборную Эсваціні з лікам 3:0. Дзякуючы гэтай перамозе «сінія акулы» апярэдзілі Камерун на 4 ачкі ў табліцы групы D.
Камерунцы, у сваю чаргу, згулялі ўнічыю з Анголай і цяпер паспрабуюць прабіцца на мундыяль праз стыкавыя матчы.
Паездка на чэмпіянат свету стане гістарычнай падзеяй для Каба-Вэрдэ, на сцягу якога ёсць сярод іншага мілыя сэрцу беларусаў бел-чырвона-белыя палосы.
Каба-Вэрдэ стала 22‑й камандай, якая атрымала пуцёўку на чэмпіянат свету 2026 года. Раней стала вядома, што ў фінале мундыялю возьмуць удзел Мексіка, ЗША, Канада, Японія, Іран, Паўднёвая Карэя, Іарданія, Аўстралія, Узбекістан, Новая Зеландыя, Аргенціна, Эквадор, Бразілія, Калумбія, Уругвай, Парагвай, Марока, Туніс, Егіпет, Алжыр і Гана.
Беларуская зборная пасля ўчарашняга пройгрышу зборнай Шатландыі страціла нават тэарэтычныя шанцы трапіць на гэты чэмпіянат. Пакуль яна ў адборачным турніры нават не набрала ніводнага бала, усе без выключэння матчы прайграныя.
Чытайце таксама:
Зборная Фарэраў — больш не футбольны карлік. Яны маюць чатыры перамогі ў адборы
Зборная Беларусі па футболе зноў прайграла шатландцам у адборачным матчы. Затое хоць раз забілі