БЕЛ Ł РУС

Крэмль знайшоў спосаб, як без аб'яўлення мабілізацыі кінуць на вайну яшчэ 2 мільёны расіян

13.10.2025 / 20:31

Nashaniva.com

Расійскія ўлады рыхтуюцца прыцягнуць да вайсковай службы вялікі мабілізацыйны рэзерв Міністэрства абароны, створаны ў 2015 годзе ўказам Уладзіміра Пуціна. 13 кастрычніка ўрад Расіі ўхваліў законапраект, які дазваляе прэзідэнту выкарыстоўваць рэзервістаў без аб’яўлення ваеннага становішча ці мабілізацыі ў контртэрарыстычных аперацыях і ваенных канфліктах, у тым ліку за межамі Расіі. Гэта дае магчымасць задзейнічаць да двух мільёнаў чалавек, піша The Moscow Times.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Фота: Ramil Sitdikov Pool Photo via AP

Як паведамляе тэлеканал RTVI са спасылкай на першага намесніка старшыні камітэта Дзяржаўнай думы па абароне Аляксея Жураўлёва, цяпер юрыдычныя абмежаванні, якія раней заміналі расійскаму Міністэрству абароны манеўраваць, ліквідаваныя.

Згодна з законапраектам, для рэзервістаў будуць арганізаваныя «спецыяльныя зборы» на тэрмін не больш за два месяцы для выканання задач у галіне абароны. Адпаведныя змены будуць унесеныя ў законы «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» і «Аб статусе вайскоўцаў».

Мабілізацыйны рэзерв у Расіі складаецца з людзей, якія маюць вайсковую спецыяльнасць або падпісалі кантракт з Мінабароны. Яны штогод праходзяць зборы, за час якіх за імі захоўваюцца працоўныя месцы, а працадаўцам выплачваюцца кампенсацыі. Рэзервісты атрымліваюць за гэта грашовыя выплаты і захоўваюць свае грамадзянскія абавязкі, але ў выпадку неабходнасці іх могуць першымі выклікаць у ваенкаматы і на зборы або на іншыя мерапрыемствы.

Як кажуць юрысты, гэтыя змены тычацца толькі грамадзян, якія заключылі кантракт на добраахвотнай аснове і знаходзяцца ў мабілізацыйным рэзерве, і не распаўсюджваюцца на звычайных запаснікоў. Аднак рэзервістаў можна прыцягваць для розных задач, у тым ліку на ўкраінскім фронце. Закон дазваляе выкарыстоўваць рэзерв і за межамі Расіі.

Эксперты лічаць, што гэтая ініцыятыва фактычна развязвае рукі ўраду і арміі: яна стварае гнуткі механізм для прыцягнення рэзервістаў у выпадку, калі стандартных механізмаў будзе недастаткова. Паводле дзейнага заканадаўства, рэзервістаў можна было прыцягваць да рэальных баявых дзеянняў толькі ў рамках мабілізацыі і праз адпаведныя камісіі, якія з 2023 года не дзейнічаюць.

Чытайце таксама:

«Вярнулі як быдла». Вызваленых расійскіх палонных адразу адпраўляюць назад на вайну

Кіраўніца расійскага Цэнтрабанка заявіла пра вычарпанне апошніх рэсурсаў росту расійскай эканомікі

Каб атрымаць месяц адпачынку, расійскія салдаты плацяць па 10000 еўра. А некаторыя робяць фіктыўныя аперацыі

Пуцін заявіў пра амаль двухразовы рост колькасці ахвотных адправіцца на вайну ва Украіну

Каментары да артыкула