Адабраную ў мецэната сядзібу ў Падароску выставілі на аўкцыён за 710 тысяч даляраў
Былы маёнтак Бохвіцаў у Падароску Ваўкавыскага раёна плошчай амаль у 2 тысячы квадратных метраў плануюць прадаць на аўкцыёне «БУТБ-маёмасць» 14 лістапада. Раней яго адабралі ў мецэната Паўла Падкарытава, які ўклаў у аднаўленне занядбанай сядзібы каля мільёна даляраў уласных грошай, але пасля 2020 года не ўпісаўся ў новую ідэалагічную палітыку, бо заўсёды падтрымліваў у Беларусі дэмакратычны рух і нацыянальную ідэю.
Фота: et.butb.by
Сядзіба ў Падароску, што ў Ваўкавыскім раёне, у даўнейшыя часы належала роду Чачотаў і Бохвіцаў.
Занядбаны фальварак у 2013 годзе выкупіў за 118 тысяч даляраў расійскі інвестар з беларускімі каранямі Павел Падкарытаў.
Пакуль не пачаліся праблемы, у аднаўленне гісторыка-культурнай каштоўнасці было ўкладзена больш за 1 мільён даляраў. Быў упарадкаваны парк, будынкі, зроблена брама, дарога. Уведзеная сістэма каналізацыі і фільтрацыі.
Фота: et.butb.by
Планавалася, што ў сядзібе будзе створаны музей беларускай шляхты. Там была разгорнутая часовая экспазіцыя. Было адкрыта 14 пакояў. Праходзіла шмат экскурсій.
Праблемы ў турыстычнага прадпрыемства «Падароск» з'явіліся ў 2022 годзе, калі затрымалі яго кіраўніка Юрыя Меляшкевіча.
Пад крымінальны пераслед трапілі таксама фінансавы дырэктар Зміцер Карабач і бухгалтарка Вольга Балтрукевіч. Ім выставілі абвінавачанне ў нясплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў работнікаў амаль на 400 000 рублёў. Юрый Меляшкевіч правёў пад вартай паўгода і ў красавіку 2023 года быў вызвалены пад паруку. Неўзабаве выйшлі на волю і іншыя фігуранты гэтай справы, а крымінальную справу ўрэшце спынілі.
Фота: et.butb.by
У Паўла Падкарытава маёнтак, аднак, забралі. Прэтэнзіі выставіў Ваўкавыскі райвыканкам. Аргументавалі іх тым, што ўсе будынкі трэба было ўвесці ў эксплуатацыю цягам двух гадоў, то-бок да 2015-га. Гэта значыць — правесці ўсе інжынерныя даследаванні будынкаў, зрабіць архітэктурна-будаўнічы праект, правесці яго экспертызу і выканаць усе будаўніча-рэстаўрацыйныя работы паводле праекта.
Пры гэтым да падзей 2020‑га «Маёнтак Падароск» працаваў добра, адносіны з уладамі былі нармальныя, прэтэнзій, у тым ліку эканамічных, не ўзнікала.
Цяпер сядзібу плошчай каля 2 тысяч квадратных метраў выставілі на аўкцыён «БУТБ-Імущество», які адбудзецца 14 лістапада. Пачатковая цана — 2 160 490 рублёў (каля $711 тысяч).
Чытайце таксама:
Прадпрымальнік Павел Падкарытаў набыў у Германіі карціну Станіслава Жукоўскага. У ёй ёсць загадка
Апісалі маёмасць маёнтка «Падароск». У яго аднаўленне ўкладаліся прыватныя інвестыцыі