Колькі БТ плаціць людзям, якія здымаюцца ў масоўцы на іх шоу?
Гледачоў, якія будуць сядзець у студыі падчас запісу шоу, шукаюць рэгулярна. Ёсць нават прапановы зняцца ў «Навагоднім агеньчыку».
Скрыншот шоу на БТ «Добры вечар!»
Апошнім часам часцей за ўсё праз тэматычныя тэлеграм-каналы супрацоўнікі Белтэлерадыёкампані шукаюць людзей у масоўку шоу «Добры вечар!» Гэта перадача на «Беларусь 1», у якой у «атмасферы сямейнага застолля» спяваюць песні (але спачатку вядучы прапаноўвае пагаварыць пра жыццё). Спяваць разам могуць як звычайныя людзі, так і зоркі лукашэнкаўскай эстрады — такія як Алёна Ланская, Жанэт ды Аляксандр Саладуха.
Ахвотных трапіць на экран папярэджваюць: афіцыйна запланаваны здымачны дзень з 11 да 23 гадзін (але кажуць, што звычайна ўсё заканчваецца крыху раней). За гэтыя 12 гадзін працы акцёрам у масоўцы плацяць 40 рублёў.
Зрэдку бывае адна змена — тады масоўка задзейнічана з 14:30 да 20:00. У гэтым выпадку прапаноўваюць 20 рублёў заробак.
Дарэчы, 3 лістапада будуць здымаць «Навагодні агеньчык». Расцэнкі тыя ж самыя: 40 рублёў за 12 гадзін.
Тых, хто запішацца і не прыйдзе, пагражаюць унесці ў чорны спіс на ўсіх праектах канала.
У верасні актыўна шукалі масоўку для музычнага шоу «Фактар.бай». Там за змену з 14 да 19 гадзін прапаноўвалі ганарар 30 рублёў.
Летась таксама шукалі акцёраў на здымкі шоу «Суд вырашыць» на «Беларусь 2». Гэтая перадача робіцца сумесна з Вярхоўным судом і Міністэрствам юстыцыі. Тэлегледачам абяцаюць гісторыі з рэальнай судовай практыкі.
Тут прапаноўвалі больш адказныя ролі, чым проста масоўка. Кандыдатаў прасілі запісаць відэа і агучыць тэкст: паскардзіцца «суду» на жонку сябра, якая пазычыла 400 тысяч рублёў і не хоча іх аддаваць.
У якасці галоўных герояў гатовы былі разглядаць прэтэндэнтаў ва ўзросце ад 16 да 70 гадоў. За адзін дзень здымкаў у такім шоу прапаноўвалі 150 рублёў.
Чытайце таксама:
У краіне будзе яшчэ адзін спартыўны канал: яго запускае СТВ
Колькі каштуе беларуская прапаганда для Польшчы і хто яе робіць
Лукашэнка пра «Беларусьфільм»: Няхай ствараюць, прадаюць і жывуць, не — да пабачэння
«Героі» за дзяржаўны кошт. Колькі ў Беларусі заплацілі з бюджэту медыйным тэлевядоўцам