БЕЛ Ł РУС

ЗША ўжо некалькі месяцаў дапамагаюць Украіне атакаваць расійскія НПЗ

12.10.2025 / 15:59

Nashaniva.com

ЗША з лета дапамагаюць Украіне наносіць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах. Як паведамляе Financial Times, амерыканская разведка перадае Украіне інфармацыю, якая дапамагае планаваць атакі на энергетычныя аб’екты Расіі. Мэта — аслабіць расійскую эканоміку і прымусіць прэзідэнта Уладзіміра Пуціна сесці за стол перамоў.

Пасля ўдару па НПЗ у горадзе Сызрань Самарскай вобласці

Паводле крыніц выдання, рашэнне падтрымліваць такія дзеянні было прынята пасля тэлефоннай размовы паміж Дональдам Трампам і Уладзімірам Зяленскім у ліпені. Трамп выказаў падтрымку стратэгіі, якая павінна «прымусіць Расію адчуць боль» і схіліць Крэмль да міру.

Амерыканскія спецыялісты ўдзельнічаюць у планаванні аперацый — дапамагаюць украінскім вайскоўцам вызначаць маршруты і вышыню палёту дронаў, каб яны маглі абыходзіць расійскую супрацьпаветраную абарону. Пры гэтым Украіна сама выбірае канкрэтныя цэлі, а ЗША даюць даныя пра іх слабыя месцы.

Са жніўня ўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых і газавых прадпрыемствах значна ўзмацніліся. Паводле падлікаў Bloomberg, атакі закранулі прыкладна кожны трэці завод. У выніку ў жніўні і верасні многія прадпрыемствы спынялі працу, што прывяло да істотнага зніжэння аб’ёмаў перапрацоўкі нафты.

У кастрычніку пад удары трапілі некалькі буйных заводаў — у Цюменскай, Арэнбургскай, Ленінградскай, Яраслаўскай абласцях, Краснадарскім краі, Башкартастане. Выпрацоўка паліва ў Расіі ўпала да мінімальнага ўзроўню за апошнія пяць гадоў.

Гэтыя атакі выклікалі рост цэнаў на бензін: у верасні яны павялічыліся амаль на 2,6%, што стала максімумам з 2018 года. У параўнанні з мінулым годам рост склаў больш за 12%.

З-за дэфіцыту паліва Расія была вымушана скараціць экспарт, павялічыць закупкі ў Беларусі і пачаць імпарт з Кітая і іншых азіяцкіх краін. У 57 рэгіёнах краіны з’явіліся чэргі на запраўках і абмежаванні на продаж бензіну.

Чытайце таксама:

Украінскія беспілотнікі ўдарылі па НПЗ ва Уфе

Пекла ў Расіі: удары па нафтаперапрацоўцы паглыбляюць паліўны крызіс і мяняюць уяўленні Трампа пра перспектывы Украіны

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі

Дроны атакавалі нафтаперапрацоўчы завод і чыгунку ў Ленінградскай вобласці — грузавы цягнік сышоў з рэек

Каментары да артыкула