БЕЛ Ł РУС

Афганцы кажуць, што ў баях з талібамі загінулі 12 пакістанскіх вайскоўцаў. Пакістан заяўляе, што пераможна громіць ворага

11.10.2025 / 23:29

Nashaniva.com

Талібы змаглі захапіць пяць прапускных пунктаў на мяжы з Пакістанам. Але ў пакістанцаў іншая версія.

Скрыншот відэа Tolo News

12 пакістанскіх вайскоўцаў загінулі ў сутыкненнях з талібамі на мяжы з Афганістанам. Пра гэта паведамляе афганскае выданне Tolo News.

Паводле звестак партала, талібам таксама ўдалося ўзяць у палон пяць пакістанскіх вайскоўцаў і захапіць адзін танк. Сутыкненні ідуць у многіх раёнах на мяжы. Папярэдне талібам удалося захапіць два прапускныя пункты пакістанскіх сіл у правінцыях Гільменд і Забуль. 

Таксама паведамляецца пра захоп трох кантрольна-прапускных пунктаў пакістанскіх сіл у правінцыі Пактыя.

Міністэрства абароны ўрада Талібана заявіла пра «скаардынаваныя атакі ў адказ» на Пакістан — пад удар трапілі пазіцыі вайскоўцаў на мяжы правінцый Хост, Пактыя, Пактыка і Гільменд.

У Пакістана іншая версія. Мясцовае выданне Daily Independent абвінавачвае талібаў у не справакаваным нападзе. У адказ пакістанская армія перайшла ў контратаку з ужываннем артылерыі, танкаў і цяжкага ўзбраення. У выніку пакістанцы знішчылі дзясяткі талібаў, а таксама разграмілі некалькі афганскіх пастоў на мяжы. Пры гэтым баі працягваюцца.

Адносіны паміж талібамі і Пакістанам зноў ускладніліся ў пятніцу. Урад Талібана абвінаваціў суседзяў у нанясенні авіяўдараў па прыгранічным горадзе і выбухах у Кабуле. Талібы абвінавацілі Пакістан у парушэнні суверэнітэту Афганістана.

Чытайце таксама:

Цяжкія баі на мяжы Афганістана і Пакістана: талібы ўступілі ў бой з пакістанскай арміяй

Каментары да артыкула